Польшча будзе па-ранейшаму прызнаваць беларускія дакументы аб адукацыі
Аб’яднаны пераходны кабінет паведаміў аб дасягненні дамоўленасці, што Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы аб адукацыі, нягледзячы на скасаванне рэжымам Лукашэнкі адпаведнага беларуска-польскага пагаднення.
Прадстаўнікі Кабінета Павел Латушка і Аліна Коўшык сустрэліся ў Варшаве з дзяржсакратаром Міністэрства адукацыі і навукі, паўнамоцным прадстаўніком урада Польшчы па пытаннях развіцця і міжнародных адносінаў у галіне адукацыі і навукі Томашам Жымкоўскім і дырэктарамі дэпартаментаў Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы.
«Мы надалей будзем прызнаваць беларускія пасведчанні і дыпломы. Для нас пагадненне працягвае дзейнічаць», — адказаў Томаш Жымкоўскі на прапанову прадстаўнікоў Кабінета праігнараваць рашэнне рэжыму Лукашэнкі аб скасаванні беларуска-польскага пагаднення аб узаемным прызнанні дыпломаў.
Таксама прадстаўнікі Кабінета абмеркавалі магчымасць сумеснага з польскімі ўладамі рашэння, якое б зрабіла апастылі ад беларускіх уладаў непатрэбнымі, а адсутнасць сертыфіката ЦТ не перашкаджала б пры паступленні ў Польшчы беларускім абітурыентам, калі яны не могуць яго атрымаць з-за рэпрэсій ці з іншых уважлівых прычын.
Дамоўлена, што пры станоўчым рашэнні польскіх уладаў, прадстаўнікі Аб’яднага пераходнага кабінета Беларусі разам з Міністэрствам адукацыі і навукі Польшчы сумесна распрацуюць адпаведныя інструкцыі ў гэтай справе.
Таксама падчас сустрэчы былі абмеркаваныя і іншыя важныя пытанні, якія датычацца праблем адукацыі і працы беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму з-за палітычных рэпрэсій.