Прафсаюз РЭП: «Паток людзей не аслабеў, а павялічыўся»

"Мы не шукаем кампрамісаў, калі груба парушаюцца правы працоўных, мы проста іх абараняем", — распавёў лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. 



fiadynich_7_1.jpg

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў пра працу юрыстаў прафсаюза РЭП і падзяліўся планамі на будучы год:

— Перашкод з боку органаў улады мы, шчыра кажучы, не бачым. Прафсаюз РЭП працуе ў адпаведнасці з заканадаўствам: прадстаўляе ў судах інтарэсы сваіх сябраў, не толькі па працоўных пытаннях, але і па грамадзянска-прававых. Тут прэтэнзій да суддзяў няма. Але мы будзем цяпер маніторыць усе суды без выключэння, каб вызначыць: ці не паўплывала «справа прафсаюзаў» на рашэнні судоў. Яшчэ адзін важны момант: прафсаюз РЭП у 2019 годзе сур'ёзна зоймецца арганізацыяй валанцёрскай службы, каб дапамагчы прававым інспектарам: паток людзей не тое што не слабее — наадварот, павялічваецца. Галоўнае, што я хачу сказаць пра працу прававой службы прафсаюза РЭП: для нас заўсёды на першым месцы — абарона інтарэсаў чалавека працы. Мы не шукаем кампрамісаў, калі груба парушаюцца яго правы, мы проста іх абараняем. На гэтым і стаім.

Прававая служба прафсаюза РЭП падвяла вынікі працы па ўсіх абласцях Беларусі за 2018 год. Сайт praca-by.info прадстаўляе працу юрыстаў у лічбах:

Правялі кансультацый — 2.389, у тым ліку не сябрам прафсаюза — 502.

Пададзена заяў у суды, скаргаў у пракуратуру — 310.

Складзена іскавых заяў без удзелу юрыста РЭП у працэсе (не сябрам прафсаюза) — 69.

Падрыхтавана скаргаў, заяў, запытаў, зваротаў да наймальнікаў і прадстаўнікам дзяржорганаў — 565.

Судоў агулам — 218, у тым ліку перамог — 86, прайграных — 49, у працэсе — 83.

Вярнулі сябрам прафсаюза РЭП незаконна ўтрыманых сродкаў — 277 186.00 рублёў.

Паводле spring96.org