Прафсаюз выратаваў работніцу ад рабства
«Гэта проста рабства», — паўтарала былая работніца Рэчыцкага райпо, распавядаючы сваю гісторыю. Пазбавіцца ад прымусовай працы і блізкай ужо ў будучыні несправядлівай матэрыяльнай адказнасці жанчыне дапамог прафсаюз РЭП.
У прафсаюз РЭП звярнулася прыбіральшчыца Рэчыцкага райпо,
дзе па выніках праверкі выявілі буйную нястачу. Паколькі прыбіральшчыца таксама
з'яўляецца матэрыяльна адказнай асобай, яе абавязалі плаціць. Жанчына, не
разумеючы, адкуль магла ўзяцца такая вялікая нястача, і баючыся, што ў будучыні
сітуацыя можа паўтарыцца, напісала заяву на звальненне па пагадненні бакоў,
паколькі пасля таго, што здарылася не давярала кіраўніцтву арганізацыі.
Наймальнік адмовіўся задаволіць заяву, вырашыўшы звярнуцца да шантажу. Ён
заявіў, што не звольніць работніцу, пакуль яна не пагасіць нястачу.
— Я знаходзілася ў зусім бязвыхадным становішчы, калі знаёмы параіў звярнуцца ў прафсаюз РЭП. Сама я не магла разабрацца ў гэтай справе, — распавяла былая работніца Рэчыцкага райпо. — Няправільна быў зроблены перападлік. Выяўлена вялікая нястача. Гэтыя нястачы вешаюць на ўсе крамы райпо. Была праверка з Мінска, але так і не высветлілі, адкуль такія нястачы. А потым за ўсё гэта павінны плаціць работнікі. А якія ў нас заробкі? Самі разумееце. Людзі трапляюць у рабства. Звальняць не жадаюць. Гэта проста рабства. Адну жанчыну звольнілі па артыкуле за недавер. Цяпер яна наогул нікуды ўладкавацца не можа.
Прававы інспектар прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка дапамог працаўніцы падрыхтаваць заяву на імя наймальніка, у якой было сказана, што кампенсацыя нястачы і жаданне работніка звольніцца ніяк паміж сабой не звязаныя.
— Наймальнік абавязаны звольніць работніка праз месяц пасля падачы заявы аб звальненні, калі работнік быў наняты па бестэрміновай працоўнай дамове, — растлумачыў Леанід Судаленка. — А нястачу наймальнік можа запатрабаваць праз суд. Я гэта выклаў у заяве, якую працаўніца аддала наймальніку. Прайшоў месяц, але ад райпо не было ніякай рэакцыі. Мы звярнуліся ў пракуратуру з просьбай адрэагаваць на парушэнне закона аб звароце грамадзян і запатрабавалі пакараць старшыню райпо штрафам у памеры пяці базавых велічынь. Я не ведаю, ці рушыла ўслед за гэтым пакаранне, але жанчыну адразу ж звольнілі з фармулёўкай па пагадненні бакоў.
— Мне вельмі пашанцавала, што Леанід дапамог, падказаў, як напісаць заяву. Дзякуючы прафсаюзу мяне звольнілі па згодзе бакоў. Інакш таксама звольнілі б па артыкуле. А тут такое дзеецца дзе япрацавала, такога нідзе не бачыла. Я вельмі ўдзячная прафсаюзу, што дапамаглі разабрацца, — распавяла працаўніца.
Леанід Судаленка выказаў здагадку, што нястачы ў райпо з'яўляюцца не выпадкова, і праваахоўным органам варта звярнуць на гэтыя факты вельмі сур'ёзную ўвагу.
— Мне распавядалі прадаўцы, як райпо завезла ў вясковую краму 150 кілаграмаў бананаў. Праз пару дзён гэтыя бананы сталі чорнымі, і работнікам сказалі выкідаць іх на звалку, а потым павесілі на іх нястачу. Мабыць, гэтыя бананы не прадаліся дзесьці ў горадзе. Іх ціхенька спісалі на вясковы гандаль, а потым прымусілі заплаціць работнікаў. Інакш, як можна растлумачыць? Каму ў галаву прыйдзе прывезці ў вясковую краму 150 кілаграмаў бананаў? Я лічу, што там ва ўсім вінавата начальства. Але ніхто ў гэтым разбірацца не хоча. Таму я яшчэ раз паўтараю ўсім матэрыяльна адказным работнікам: вы павінны быць упэўненыя ў якасці прыманага тавару. Калі ёсць сумневы, неабходна адразу ж складаць пісьмовую заяву на імя дырэктара аб тым, што тавар няякасны. Тады я пад нуль вызвалю ў судзе работнікаў ад нястачы. Таму што закон кажа, што працаўнік павінен паведамляць наймальніку аб любых пагрозах захаванасці тавару. А так дырэктар з начальнікам паміж сабой вырашылі пазбавіцца ад гнілых бананаў, каб не напружвацца, не займацца афармленнем вяртання пастаўшчыку, а потым павесілі гэтыя 150 кілаграмаў на бедных работніц, — распавёў прафсаюзны юрыст.
Паводле praca-by.info