Прагрэс на месцы не стаіць

Лідзіі Ярмошынай загадалі правесці чарговыя выбары «красіва». Не так, як у 2010 годзе. Як быццам менавіта яна адказная была за сапсаваную карцінку.
 



ae3f4c649fb55c2ee3ef4d1abdb79ce5.jpg

Лідзіі Ярмошынай загадалі правесці чарговыя выбары «красіва». Не так, як у 2010 годзе. Як быццам менавіта яна адказная была за сапсаваную карцінку.
Мушу заступіцца: яна ўсё зрабіла як належыць: арганізавала назіранне і падлік, а галоўнае — забяспечыла працэнт (агучаны папярэдне). Не ў яе аказаліся слабыя нервы. Не яна дала каманду «фас!» на Плошчы. Не ёй абавязаны рэжым пачаткам свайго канца.
У інтэрв’ю Першаму каналу старшыня Цэнтрвыбаркама выявіла непрыкрытую зацікаўленасць у тым, каб як мага больш партый удзельнічала ў парламенцкіх выбарах. Пры гэтым агаварылася, што людзі «страцілі цікавасць да партый». Яшчэ б не страціць! Бо следам за інтэрв’ю пайшоў сюжэт, у якім апазіцыйныя партыі параўноўваюцца з зомбі, што ўстаюць з магілаў.
Прагрэс на месцы не стаіць. Пры Зяноне, помню, паказвалі фашысцкія шэрагі з ускінутай рукой, і асабліва адораныя з электарату жахаліся перспектыве перамогі на выбарах «нацыяналіста». Цяпер немчурой не напалохаеш, перайшлі да мерцвякоў. На месцы апазіцыі, я ацаніла б пачуццё гумару бэтэшнікаў.
Адчуваецца, што ідэолагі бяруць на ўзбраенне аргументы не лаяльных да ўлады сайтаў. Там даўно было заўважана, што варушэнне ў апазіцыйных колах пачынаецца менавіта перад выбарамі. (Менш верагоднасці, што адразу пасадзяць.) Тыя, што ганьбяць і пляжаць, самі, пэўна ж, не сядзелі. Яны — «над сутычкай». Гэта следам за імі мясцовае тэлебачанне (беларускім яго ніяк не назавеш) выцягнула з кішэні сумнеўны козыр: маўляў, ёсць падазрэнні, што той-сёй у добрых адносінах з пэўнымі службамі… На што маем каментар: дык гэта ж вашы спецслужбы, а не нашы! Гэта частка вашага рэпрэсіўнага механізму. А ўсё ваша, калі меркаваць па СМІ, бездакорнае і не падлягае ніякаму сумневу — ад кіравання дзяржавай да ўтрымання бяздомных жывёл. Выходзіць, улада саромеецца сваіх жа прыхаваных органаў, адхрышчваецца ад іх…
На месцы гэтых самых службаў я, напэўна, пакрыўдзілася б. Ёсць усе падставы запатрабаваць на Макаёнка, 9 кнігу скаргаў і напісаць вялікімі літарамі: «Мы таксама людзі, хоць нас і прымушаюць рабіць брудную работу». А лічыліся ж сярод сілавікоў белымі каўнерыкамі… На белым цяпер — плямы ад поту пры допытах. Грэх падзелены на ўсіх. «Чысценькім» няма чаго рабіць у наскрозь ілжывай і гнілой сістэме.
Усе памазаны адным мірам: юрысты і артысты, участковыя і старшыні сельскіх саветаў, журналісты і настаўнікі. І чым вышэй пасада, тым большая мера адказнасці, тым большая рызыка захлынуцца ў гэтым агідным адстойніку.
Прад’явіце кнігу скаргаў, заўваг і прапаноў! Вялікую-вялікую — як Плошча, на якой змалацілі дубінкамі-цапамі апошнія нашы ілюзіі. І калі не мы, то нашы дзеці напішуць там усё, чаго вы заслугоўваеце.

Галіна Каржанеўская