Праўладны канал пацвердзіў, што экс-кіраўнік ГУБАЗіКа стрэліў у падлетка ў ЖК «Каскад»

23 чэрвеня стала вядомая скандальная гісторыя пра сутычку экс-кіраўніка ГУБАЗіКа Андрэя Паршына са школьнікамі, у выніку якой сілавік атрымаў страсенне мозга, а 16-гадоваму падлетку прастрэлілі нагу.

Экс-кіраўнік ГУБАЗіКа Андрэй Паршын, які страляў у падлетка

Экс-кіраўнік ГУБАЗіКа Андрэй Паршын, які страляў у падлетка


Інцыдэнт адбыўся ў ЖК «Каскад», дзе жыве сілавік. Паводле СМІ, Паршын паспрабаваў разагнаць групу дзяцей і падлеткаў каля свайго пад’езда (наймаладзейшаму ў кампаніі было 11 гадоў), але атрымаў адпор ад 16-гадовага хлопца: той заявіў, што «яны жывуць у свабоднай краіне, і вольныя выбіраць лавачкі». У адказ на дзёрзкі тон, сцвярджае сведка, Паршын ударыў падлетка — у твар, па шыі. Але хлопец ударыў у адказ, і Паршын апынуўся на зямлі. Падняўшыся, дастаў зброю і стрэліў падлетку ў нагу. Супраць хлопца завялі крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства».
Афіцыйна ўлады сітуацыю не каментавалі. Але, паводле выдання «Медиазона», блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал «ЖС Premium» пацвердзіў, што Паршын стрэліў у 16-гадовага падлетка. Канал апублікаваў таксама імя пацярпелага. Паводле «ЖС Premium», пісталет Паршына быў траўматычны, а рана нібыта не глыбокая.
Таксама аўтары канала апублікавалі фота, на якім, як сцвярджаюць, адлюстраваны момант бойкі. Дзеянні Паршына адміністратары «ЖС Premium» апраўдваюць тым, што школьнікі на сілавіка нібыта нападалі, а 16-гадовы падлетак хацеў адабраць пісталет.
Паводле «НН», нядаўна Паршына прызначылі на генеральскую пасаду ў Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС.