Праваабаронца Бандарэнка узначаліў «БелГазету», экс-дырэктар: «Гэта рэйдарскі захоп»
У СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што праваабаронца, заснавальнік і кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Нью платформ інавэйшан» Андрэй Бандарэнка стаў новым дырэктарам выдання «БелГазета». Як піша RFRM, экс-дырэктар выдання Кірыл Жываловіч адмаўляе гэты факт, лічыць, што такім чынам зроблена спроба захапіць рэдакцыю.

Навіну аб прызначэнні Бандарэнкі ў «БелГазету» размясціў у сябе ў Facebook медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. У каментары да паста прыйшоў Жываловіч і напісаў: «Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Гэта рэйдарскі захоп рэдакцыі, адным з выканаўцаў якога з'яўляецца Бандарэнка. Цяпер працуюць юрысты. Усе падрабязнасці будуць у сераду».

Таксама выказаўся кіраўнік кансалтынгавага агенцтва Digital Finger Аляксандр Калтуноў, ён напісаў у Facebook: «Увага! Упершыню ў гісторыі Беларусi, здзяйсняецца рэйдарскі захоп мас-медыя, а менавіта «рускім агентам» Бандарэнка. Чым бліжэй выбары, тым больш «кансерваў», якія выкрываюцца. Усе падрабязнасці ў асноўнага ўладальніка: Кірыл Жываловіч (75,4% Акцый)».

Зараз на сайце «БелГазеты» Андрэй Бандарэнка паказаны ў якасці дырэктара, імя Кірыла Жываловіча там няма. Галоўным рэдактарам па-ранейшаму паказаны Ігар Высоцкі.
Нагадаем, журналіст Кірыл Жываловіч выкупіў асноўную долю ў ТАА «БелГазета» у бізнэсоўца Сяргея Ісаева ў канцы 2017 года. Раней у 2015-м Ісаеў набыў каля 75% ТАА ў расійскай медыякампаніі «Выдавецкі дом «Комсомольская правда». Тыя 25%, што засталіся, належаць аднаму з заснавальнікаў выдання Ігару Высоцкаму.
Паводле kyky.org