У «БелГазеты» з'явіўся яшчэ адзін дырэктар – ад уладальніка, якога «звольнілі» астатнія акцыянеры

Кірыл Жываловіч, які валодае 75% акцыяў незалежнага беларускага выдання «БелГазета», правёў 23 студзеня ў менскім бары «БірШоў» прэс-канферэнцыю адносна ранейшага прызначэння дырэктарам газеты праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, паведамляе Радыё Свабода.

belgazeta.jpg

Па-ранейшаму Кірыл Жываловіч лічыць неправамерным прызначэнне Андрэя Бандарэнкі на пасаду дырэктара, якую раней займаў ён сам. Раней Жываловіч называў гэта «рэйдэрскім захопам» выдання.
Уладальнік бальшыні акцыяў вырашыў прызначыць новым дырэктарам «БелГазеты» 37-гадовага Юрыя Карэтнікава, лідара колішняга руху «Правы альянс».

Юрась Карэтнікаў на пікеце супраць наркаманіі і п’янства, 2010 год

Юрась Карэтнікаў на пікеце супраць наркаманіі і п’янства, 2010 год

Жываловіч сцвярджае, што сход акцыянераў 2 студзеня, на якім дырэктарам выбралі Бандарэнку, «ня мае прававой асновы»: кажа, патрэбен быў кворум у 30%, а гэтага не дасягнуць без уладальніка 75% акцыяў. Жываловіч заяўляе, што пра сход яму не паведамілі належным чынам (Бандарэнка заяўляў адваротнае), а таксама што сход «праводзіўся ня ў тыя тэрміны, у якія можа праводзіцца».
Таксама Жываловіч заявіў, што гатовы да перамоваў з астатнімі працаўнікамі і ўладальнікамі акцыяў газеты. «Сілавой барацьбы» ня будзе, паабяцаў ён, але кандыдатуру Бандарэнкі ў якасці дырэктара адмовіўся разглядаць, спаслаўшыся на ягоныя «сумнеўныя рэпутацыю, паводзіны і маральныя прынцыпы».
Ён таксама заявіў, што газета «паступова ўвайшла ў перадпенсійны ўзрост»: вымагала замены галоўнага рэдактара, які за 20 гадоў толькі двойчы адпачываў у нядзелю (перад выхадам газеты). Галоўнаму рэдактару, кажа Жываловіч, гэта не падабалася. Фінансавыя праблемы былі, дадае ён, але калі на канец 2015 году запазычанасць газеты складала прыблізна 1 млрд недэнамінаваных рублёў, то цяпер зменшылася ўдвая ў эквіваленце. Акрамя таго, Жываловіч заявіў, што і ў апошні год быў на сувязі з рэдакцыяй (Бандарэнка заяўляў адваротнае), і абверг заявы пра тое, што кантракт з ім быў разарваны ў жніўні.
Карэтнікаў заявіў, што прыйшоў у выданне як антыкрызісны мэнэджэр, каб газета «ня стала рупарам Крамля».

Як Бандарэнку прызначылі дырэктарам «БелГазеты»


Андрэй Бандарэнка, 2017 год

Андрэй Бандарэнка, 2017 год

  • Як стала вядома 21 студзеня, незалежнае выданне «БелГазета» ўзначаліў праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Ён запэўніў, што за рэдакцыйную палітыку па-ранейшаму будзе адказваць рэдакцыя, умешвацца ў яе праваабаронца ня будзе, а будзе займацца толькі камерцыйнымі пытаннямі, «паставіць газету на нармальныя эканамічныя рэйкі».
  • У той жа дзень былы дырэктар і асноўны (75%) уладальнік выдання Кірыл Жываловіч напісаў у каментарах да гэтай навіны на фэйсбуку журналіста Паўлюка Быкоўскага: «Гэта рэйдэрскі захоп рэдакцыі, адным з выканаўцаў якога ёсць Бандарэнка. Цяпер працуюць юрысты. Усе падрабязнасці будуць у сераду».
  • Бандарэнка адказаў у каментары «Еўрарадыё» на каментар Жываловіча: «Ніхто нічога не захопліваў». Паводле Бандарэнкі, Жываловіч «год не зʼяўляўся на працы», а «ў снежні паўстала пытанне, што газэта больш ня будзе выходзіць». Змена дырэктара была законнай, а «захопліваць прадпрыемства з вялікімі стратамі – як мінімум бязглузда».
  • Сузаснавальнік і ўладальнік чвэрці акцыяў Ігар Высоцкі адмовіўся каментаваць Свабодзе сітуацыю вакол газеты – параіў звяртацца да Бандарэнкі. «Мне зусім фіялетава, – сказаў Высоцкі. – А персанаж Жываловіч нецікавы зусім. Ні з якіх пазіцыяў. Яго няма, ён нуль! Тэлефануйце Бандарэнку».
  • У эфіры «Еўрарадыё» 22 студзеня Бандарэнка сказаў, што яго выбралі дырэктарам на сходзе акцыянэраў. На сходзе не было Жываловіча, які валодае 75% акцыяў – Бандарэнка кажа, гэта законна. Ён сцвярджае, што сход ладзіў Высоцкі, які і вынес на абмеркаванне пытанне змены дырэктара. Жываловіча, сцвярджае ён, запрашалі на сход, «паведамленне зарэгістравалі ў кнізе зыходных паведамленняў», але ён не прыйшоў. Паводле Бандарэнкі, у газеты вялікія страты, цягам году складалася цяжкая эканамічная сітуацыя, «дзясяткі тысячаў запазычанасці», выданне было блізкае да банкруцтва і «было бы рада, каб яго нехта захапіў». Але, кажа Бандарэнка, няма сэнсу захопліваць выданне ў такім стане. Ён таксама заявіў, што акцыянэры накіравалі ў суд заяву аб спагнанні з Жываловіча кампенсацыі за нанесеную шкоду – сцвярджае, што былі выяўленыя «ўгоды, якіх не павінна было быць».
  • «БелГазета» была заснаваная ў 1995 годзе пасля расколу «Белорусской деловой газеты» як «Белорусская газета» (змяніла назву ў 2005-м). Выходзіць штотыдзень на паперы на расейскай мове, наклад на момант публікацыі – 7010 асобнікаў. Таксама вядзе сайт Belgazeta.by.
  • Былы палітвязень Бандарэнка вядомы як заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плптформа» (іншых праваабаронцаў, «Вясну» ён крытыкаваў за «манапалізацыю»). Раней Бандарэнка не займаўся СМІ і выдавецкай справай.
  • За два тыдні да прызначэння Бандарэнкі ў «БелГазету» ад ягонага імя па рэдакцыях СМІ рассылалася прапанова ўзяць расейскі грант на 101 тысячу даляраў «на правядзенне ўзгодненай інфармацыйнай палітыкі» (ад расейскага «фонду «Открытая Белоруссия«» – раней пад такой назвай фігураваў латвійскі фонд, які згадваўся збольшага толькі на старонках выдання Regnum). Бандарэнка заявіў «Нашай Ніве», што ня мае да гэтага дачынення, але «валодае інфармацыяй, якая ўказвае на чалавека, які займаецца гэтай лухтой».