Праваабаронца Леанід Судаленка з турмы: Справу перадалі ў Цэнтральны СК — рыхтуецца нешта не зусім звычайнае

Палітзняволены праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка ўтрымліваецца пад вартай у гомельскім СІЗА №3 ужо больш за месяц — з 18 студзеня. Яго абвінавачваюць у фінансаванні і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Праваабаронцу пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым Леанід не падае духам і распавядае, што «па прычыне абсурднасці выстаўленых абвінавачанняў» адмовіўся сведчыць супраць сябе і супрацоўнічаць са следствам. Днямі калегі атрымалі ад яго ліст.

sudalenka_smiarotnae.jpg


Леанід Судаленка даслаў ліст 11 лютага – на 24-ы дзень «камандзіроўкі», як называе гэта сам праваабаронца. У ім «вясновец» паведамляе, што яго справу перадалі з абласнога Следчага камітэта ў Цэнтральны апарат СК у Мінску.
«Мяне наўрад ці павязуць следам за справай у сталічнае СІЗА на Валадарку. Хутчэй, рыхтуецца нешта не зусім звычайнае, не буду загадваць...» — пракаментаваў гэта Леанід Судаленка.
Нагадаем, 16 лютага ў офісах і па месцы жыхарства сябраў праваабарончага цэнтра «Вясна»", Беларускай асацыяцыі журналістаў, незалежнага прафсаюза РЭП і іншых актывістаў прайшлі ператрусы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. МУС паведаміла пра правядзенне па ўсёй Беларусі каля 90 ператрусаў.

«Вось так і цячэ мой будучы тэрмін»

Пра сваё здароўе Леанід піша, што адчувае сябе нармальна, «наколькі гэта магчыма ва ўмовах шэрасці і прыцемкаў турэмнай камеры». Праваабаронца распавядае, што яго ўтрымліваюць у камеры з чатырма людзьмі.
«Увесь дзень гарыць святло, грае радыё, ноччу гарыць начнік (“месяц”). Тут рэжым, пад’ём у 6 гадзін, адбой у 22 гадзіны. Днём на ложках толькі сядзець можна, ляжаць забаронена!» — распавядае пра ўмовы ўтрымання Леанід.
Праваабаронца знайшоў сабе занятак: шашкі, шахматы, кнігі.
«Чытаю Хуліё Картасара, Чарльза Дікенса, вось так і цячэ мой будучы тэрмін (да трох гадоў)...»
Праваабаронца піша, што ўся надзея на кнігі з перадач, бо на мясцовую бібліятэку надзеяў мала:
«Замовіў Крымінальны кодэкс, дык у ім яшчэ няма майго артыкула — настолькі старажытны...»

list_sudalenka_90.jpg


«У дзень па 15-20 лістоў атрымліваю»

Леанід Судаленка піша, што вельмі адчувае падтрымку з волі. На грошы, якія яму паклалі на рахунак, ён набывае розныя прыемныя рэчы для сябе ва ўнутранай краме — «атаварцы»:
«Набыў гарчычны маянэз да сала і каўбасы. Мая сям'я мяне падтрымлівае, так што на сухі паёк не прыйшлося пераходзіць…» 
Паводле слоў праваабаронцы, яму піша шмат людзей, у тым ліку незнаёмых.
«У дзень па 15-20 лістоў атрымліваю. Вечарамі адпісваюся, так час хутчэй ляціць. Ужо адвык ад сацсетак, прыйдзецца па новай вучыцца :)»
Леанід перадае прывітанне «ўсім добрым людзям».

Леанід Судаленка з дзецьмі ў 2014 годзе

Леанід Судаленка з дзецьмі ў 2014 годзе


Сёння, 22 лютага, у Мінскім гарадскім судзе разглядалася скарга Леаніда Судаленкі на пастанову аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад варту. Яе разглядаў суддзя Максім Лапко. Пасяджэнне, як звычайна па такіх справах, праходзіла ў закрытым рэжыме, але вынік яго, на жаль, прадказальны.
Леанід Судаленка — старшыня гомельскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна», праваабаронца з 20-гадовым стажам аказання дапамогі ў аднаўленні парушаных правоў грамадзян. Ён дапамагаў у падрыхтоўцы і накіраванні шматлікіх індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН супраць Беларусі.
5 студзеня ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс «Гомельскай Вясны», адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля ператрусу яго даставілі ва УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама правялі ператрус у яго доме.
Праваабаронцу затрымалі раніцай 18 студзеня па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пазней яму прад'явілі абвінавачанне па ч.1 і ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, а 21 студзеня перавялі ў СІЗА №3, дзе ўтрымліваецца па гэты дзень.
За сваю праваабарончую дзейнасць быў удастоены прэстыжнай французскай прэміі «Свабода-Роўнасць-Братэрства» ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Праваабаронца года».
Лісты і паштоўкі палітвязню можна дасылаць на адрас: СІЗА №3, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, 246003, Судаленку Леаніду Леанідавічу.