Праваабаронцу Леаніда Судаленку таксама запісалі ў паклёпнікі?
Гомельскага праваабаронцу і юрыста Леаніда Судаленку выклікалі 26 ліпеня па тэлефоне ў Навабеліцкі РАУС – нібыта ў міліцыі маецца заява ад грамадзяніна Гомеля, які просіць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці Судаленку і актывіста Барыса Анікеева за паклёп.
Леанід Судаленка пазначыў у фэйсбуку:
Толькі што з міліцыі. Гомельскі "палітычны аглядальнік" з б-ч-б тату на плячы (ён жа “лысы правакатар” з Гомеля) напісаў на мяне і Барыса Анікеева заявы, просіць прыцягнуць нас да адказнасці за паклёп. Напямятаю, мы 20 чэрвеня лайкнулі пост Зміцера Аляхновіча аб яго паводзінах у Курапатах...
Праваабаронца схадзіў у Навабеліцкі РАУС, але ад апытання па заяве адмовіўся, скарыстаўшыся правам не сведчыць супраць сябе (артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі).
Але што такога мог напісаць у фэйсбуку Зміцер Аляхновіч, каб за лайк пад яго допісам людзей вінавацілі ў паклёпе? Высветлілася, што справа тычыцца сумнавядомага рэстарана «Поедем поедим» у Курапатах, дзе і “засвяціўся” мужчына з прыгожым нацыянальным тату на плячы.
“Лысы - правакатар з Гомеля! (Яўген Катлероў) Што пра яго сказаць? Здае ўсіх змагароў, ды і ў сацыяльных сетках іх жа брудам паліваў. А яшчэ пагоню на плячы накалоў. Іх там група асоб. Хутка пра іх даведаецеся, і пачуеце – сцеражыцеся гэтага чалавека, вельмі добра ўваходзіць у давер – праверана”, — піша на сваёй старонцы 19 ліпеня Аляхновіч і дадае відэаролік з youtube, у якім фігуруе вышэйадзначаны грамадзянін.
Дарэчы, пад пастом Зміцера Аляхновіча пастаўлена больш за 50 упадабаек. Няўжо ўсіх гэтых людзей жыхар Навабеліцкага раёна Гомеля Яўген Катлероў (а гэта менавіта ён і напісаў заяву на Судаленку) будзе вінаваціць у паклёпе?
Ці справа тут у іншым? Падаецца, што заява аб паклёпе менавіта на Леаніда Судаленку ўзнікла не выпадкова, паколькі ён неаднойчы выступаў у якасці абаронцы абаронцаў Курапат.
Так, 23 ліпеня праваабаронцы Леанід Судаленка і Пётр Маркоўскі абвясцілі акцыю салідарнасці і падтрымкі Міхася Грамыкі — былога прапаршчыка міліцыі, якога 4 ліпеня ўзялі пад варту, а назаўтра асудзілі на 10 сутак арышту. Прычынай арышту з'явіўся той факт, што 44-гадовы міліцыянт перад рэстаранам “Поедем-поедим” ўстаў у адзін шэраг з абаронцамі Курапатаў, за што і страціў працу.
А ў чэрвені Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак запатрабавалі ад міністра МУС Ігара Шуневіча неадкладна спыніць выкарыстоўваць падраздзялення ДАІ для пераследаў абаронцаў Курапатаў, а таксама вызваліць ад адміністрацыйнай адказнасці кожнага, супраць каго тут распачаты адміністрацыйныя абвінавачанні. На сайце zvarot.by праваабаронцы арганізавалі збор подпісаў грамадзян з патрабаваннем спынення абаронцаў Курапатаў.
Верагодна, такім чынам улады спрабуюць панізіць градус грамадзянскай актыўнасці гомельскіх праваабаронцаў і блогераў, гэтак жа як апошнім часам робіцца з журналістамі і блогерамі ў Берасці, Гародні, Рэчыцы, паколькі яны пачалі істотна ўплываць на грамадзкую думку ў рэгіёнах.