Праваабаронцы прадставілі альтэрнатыўны законапраект аб свабодзе мірных сходаў
Стваральнікі альтэрнатыўнага законапраекта падкрэсліваюць, што існуючы Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» не адпавядае ні Канстытуцыі краіны, ні ўзятым Беларуссю на сябе міжнародным абавязальніцтвам, паколькі фактычна знішчыў магчымасць выказвання меркавання ў форме мірнага сходу.
Стваральнікі альтэрнатыўнага законапраекта “Аб свабодзе мірных сходаў” лічаць, што неабходна прыняць змены ў існуючы закон “Аб масавых мерапрыемствах” і прапануюць зрабіць гэта шляхам поўнай замены тэксту закона на прапанаваны імі.
“Вулічная актыўнасць у Беларусі нізкая, паколькі ў гэтай галіне ў нас рэпрэсіўнае заканадаўства. Калі ўспомніць канец 1990-х і пачатак 2000-х, тады штомесяц праходзілі дзясяткі акцый па ўсёй краіне. Так было да таго часу, пакуль законы не сталі больш жорсткімі і неспрыяльнымі для рэалізацыі права на свабоду сходаў”, — адзначыў праваабаронца “Вясны” Зміцер Салаўёў, які браў удзел у распрацоўцы дакумента.
Падчас працы над альтэрнатыўным законапраектам былі ўлічаны меркаванні экспертаў у галіне свабоды сходаў — аднаго са стваральнікаў рэкамендацый АБСЕ па правядзенні мірных сходаў Сяргея Астафа, беларуска-ўкраінскага праваабаронцы Уладзіміра Яворскага, юрыста Беларускага Хельсінкскага камітэта Дзмітрыя Чарных.
Дзеючыя заканадаўчыя нормы супярэчаць артыкулам 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, што пацвярджаецца вынікамі аналізу беларускага закону “Аб масавых мерапрыемствах”, зробленага Венецыянскай камісіяй Савета Еўропы і БДІПЧ АБСЕ.
«Дзеючы закон прадугледжвае занадта жорсткую, працаёмкую і складаную працэдуру атрымання дазволу на масавыя мерапрыемствы ў органах мясцовай улады. У той самы час ён дае вялікую свабоду дзеянняў адміністратыўным органам для прымянення гэтага закона, у тым ліку для забароны масавых мерапрыемстваў па фармальных прычынах. Працэдура атрымання дазволу не адлюстроўвае пазітыўнае абавязальніцтва дзяржавы забяспечваць і заахвочваць ажыццяўленне права на свабоду мірных сходаў. Празмернае рэгуляванне абмяжоўвае права на свабоду сходаў і на свабоду слова», — гаворыцца ў абгрунтаванні неабходнасці зменаў у закон.
З поўным абгрунтаваннем неабходнасці прыняцця зменаў у закон аб масавых мерапрыемствах можна азнаёміцца на сайце кампаніі за свабоду мірных сходаў у Беларусі SXOD.BY. Там жа, у «Бібліятэцы дакументаў», апублікаваны поўны тэкст законапраекта «Аб свабодзе мірных сходаў».
Праваабаронцы прапануюць дасылаць заўвагі і прапановы па тэксце законапраекту на электронную скрыню mirnyshod@gmail.com.