Праваслаўныя розных краінаў просяць прабачэння ў грэка-каталікоў за Львоўскі сабор 1946 года

Праваслаўныя клірыкі і свецкія з розных краінаў 9 сакавіка звярнуліся да Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы з заявай.



jvou.jpg

 У заяве кажуць аб неабходнасці прызнання праўды пра гістарычныя падзеі 10 сакавіка 1946 года, калі «ў Львове Руская Праваслаўная Царква гвалтоўна ўключыла Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву ў сваё ўлонне пад ціскам савецкай улады».

«У той час, калі ўдзельнікі сабора галасавалі 8 і 9 сакавіка за «ўз’яднанне» сваёй Царквы з Маскоўскім Патрыярхатам, усе ўкраінскія грэка-каталіцкія біскупы знаходзіліся ў турме пад вартай. 216 святароў і 19 свецкіх, сабраных у львоўскім Свята-Юрскім кафедральным саборы сіламі НКВД, здаліся на міласць «Ініцыятыўнай групы». Архівы сведчаць, што асабіста сам Сталін прыняў рашэнне аб ліквідацыі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы», — нагадваюць падпісанты, паведамляе portal-credo.ru.

Адначасова святары і вернікі, якія падпісалі заяву, кажуць аб тым, што Руская Праваслаўная Царква ў сваёй паўнаце не можа лічыцца адказнай за рашэнні, прынятыя «царкоўным святарскім кіраўніцтвам, якое знаходзіліся пад ціскам тэрору і маніпулявання з боку НКВД-КГБ», і па гэтай прычыне лічаць неабходным засведчыць, што шэраг праваслаўных адчувае сябе адказнымі «за злачыннае маўчанне, якое атачае знішчэнне гэтай Царквы савецкім рэжымам пры ўдзеле Маскоўскага Патрыярхата».

Звяртаючыся да вернікаў УГКЦ напярэдадні Даравальнай нядзелі, якая папярэднічае ў літургічным праваслаўным календары пачатку Вялікага Посту, святары і свецкія просяць у іх прабачэння «за ўсе несправядлівасці, ахвярамі якіх яны сталі пад прыкрыццём аўтарытэту Праваслаўнай Царквы, і схіляем нашыя галовы перад пакутнікамі Украінскай Грэка-Каталіцкай царквы».

Заява падпісана вернікамі і святарамі з Парыжа, Масквы, Львова. Амстэрдама, Кіева, Нью-Ёрка.

krynica.info