Праз дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы вяскоўцам абразаюць агароды
На паўднёвым усходзе Гомельшчыны ў памежных беларускіх вёсках абразаюць агароды — тлумачаць, што гэта робіцца дзеля ўмацавання дзяржаўнай мяжы з Украінай.
«Тры разы прыязджалі, каб лапік зямлі адрэзаць»
У вёсцы Глыбоцкае Гомельскага раёну пад абразанне падпадаюць найперш прысядзібныя ўчасткі на вуліцы Ўсходняй — апошняй вуліцы ў паселішчы перад пунктам спрошчанага пропуску на шляху да ўкраінскага сяла Ільмаўка.
Пажылы вясковец Міхаіл, які жыве на вуліцы Ўсходняй, тлумачыць:
«У мяне тут 42 соткі — сядзіба з участкам зямлі. Дванаццаць сотак абрэзалі. Казалі, што будзе тут ужо памежная паласа».
Сам Міхаіл не надта бядуе, што ягоны ўчастак падкарацілі: «Я ж ужо пенсіянер. Раней абрабляў увесь участак — араў, сеяў. Цяпер сілы ўжо ня тыя».
Сям’я суседа Ўладзіміра атрымала дом і ўчастак на вуліцы Ўсходняй у спадчыну — раней тут жылі бацькі ягонай жонкі.
«Мы нават гной вывезлі і зааралі, а цяпер гэтую дзялянку забіраюць», — кажа Ўладзімер.
Сын Уладзіміра Андрэй паказвае былую бабуліну сядзібу, дзе цяпер гаспадарыць з бацькамі:
«Да нас разы тры прыязджалі зь сельскага савету і землеўпарадкавальнай службы. Пакінулі спачатку дваццаць тры соткі, а апошні раз сказалі, што можам засяваць гарод толькі да сцежкі — гэта каля дванаццаці сотак. Цяпер заробкі на працы слабыя, таму садзім бульбу і ўсё іншае, каб неяк выжываць», — тлумачыць Андрэй.
Ад вясковых агародаў да ўкраінскай мяжы з кіламетр ці нават крыху болей. Які сэнс быў адразаць нейкія тры дзясяткі метраў агародаў, вяскоўцы дабраць розуму ня могуць. Выказваюць на гэты конт здагадкі: альбо мясцовыя ўлады хочуць падкараціць прысядзібныя ўчасткі, якія не абрабляюцца, бо ёсьць і такія, альбо памежнікі маюць выраўнаваць памежную паласу ў лінейку з пунктам спрошчанага пропуску, які быў пастаўлены пры дарозе, амаль адразу за хатамі.
«Да таго ж у нас за сотню мэтраў да канца вуліцы паставілі папераджальны знак, што далей ісці нельга — памежная паласа», — паказваюць вяскоўцы ў канец вуліцы Ўсходняй.
Дзеля паўнаты малюнку варта дадаць, што прысядзібныя ўчасткі ў Глыбоцкім абрэзалі не толькі на Ўсходняй, але й на вуліцы Леніна — па правы бок пры ўездзе. Казаць, што сюды блізка падступае беларуска-ўкраінская мяжа, не выпадае.
«На нашым баку таксама падкарацілі ўчасткі, бо некаторыя пуставалі, — распавядае сярэдняга веку кабета, якая назвалася Людмілай. — Як па мне, то гэта не бяда, у мяне тут побач соткі свёкра — іх засяваем».
Вядома, далёка ня ў кожнага такая сытуацыя.
«Зямля ў вёсцы патрэбна — трэба ж і бульбу, і гарбузы пасадзіць, і збожжа пасеяць. Мы ж гаспадарку трымаем — без яе як у вёсцы пражывеш? У мяне сямнаццаць сотак, дык сказалі, што пяць абрэжуць і перададуць калгасу», — кажа мясцовая жыхарка Ала.
«Рашэнні прымаюцца на больш высокім узроўні»
Глыбоцкае адносіцца да Маркавіцкага сельскага савету. Туды й зьвяртаемся па тлумачэнні.
«Калі соткі зарастаюць пустазеллем і не абрабляюцца, то мы іх абразаем і перадаём у карыстанне мясцовай сельгасгаспадарцы. Трэба ж наводзіць парадак на зямлі, як патрабуе наш прэзыдэнт. Тут такая сітуацыя: альбо абрабляй, альбо аддавай. А за вуліцай Усходняй вядзецца дэмаркацыя мяжы, і рашэнні прымаюцца на больш высокім узроўні», — заяўляе кіраўніца спраў Валянціна Сьлюнькова.
У раённай землеўпарадкавальнай службе дадаюць, што пры змене межаў прысядзібных участкаў гаспадарам дасылаюцца паведамленні, на падставе якога рашэння яны перагледжаныя. Аднак падобных паведамленняў у Глыбоцкім мясцовыя жыхары, у тым ліку і з вуліцы Ўсходняй, пакуль не атрымлівалі.
Ад Гомеля да Брэста — 3000 памежных знакаў
Першы памежны знак на беларуска-ўкраінскай мяжы быў пастаўлены 13 лістапада 2014 году блізу вёскі Весялоўка Добрускага раёну, прыкладна за паўсотні кілямэтраў ад Глыбоцкага. Рана ці позна дэмаркацыя, то бок пазначэнне лініі мяжы на мясцовасці, дойдзе і да гэтай вёскі. Вяскоўцы, ходзячы ў лес па грыбы, бачылі ўжо ў ваколіцах драцяную агароджу. Але ці паўстане такая загарада ўшчыльную да сядзібаў вяскоўцаў, пакуль не зразумела.
Паміж беларускім Глыбоцкім і ўкраінскай Ільмаўкай здавён існавалі цесныя сувязі — і сваяцкія, і сяброўскія. Да апошняга часу беларусы часцяком наведваліся да ўкраінцаў, каб прыкупіць харчу, гарэлкі ці віна, ласункаў для дзяцей і дарослых.
«Лічы, у два разы там усё танней. Цяпер нічога несці нельга праз наш спрошчаны пункт пропуску. Хочаш што везьці, едзь на памежны пераход у Новую Гуту», — расказваюць пра тутэйшыя парадкі глыбоцкія вяскоўцы.
Як і што будзе, калі паставяць загараду, ніхто прагназаваць нават не бярэцца.
Беларуска-ўкраінская дзяржаўная мяжа вызначана Дамовай паміж Рэспублікай Беларусь і Ўкраінай аб дзяржаўнай мяжы ад 12 траўня 1997 году. Дэмаркацыя робіцца ў адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі дзьвюх краінаў, падпісаным 30 ліпеня 2014 году.
Агульная працягласьць беларуска-ўкраінскай мяжы складае 1084 кіламетры. Каб правесці дэмаркацыю, трэба ачысціць каля 760 кіламетраў прасек, усталяваць тры тысячы памежных знакаў, падрыхтаваць дэмаркацыйныя дакумэнты. На гэта спатрэбіцца сем-восем гадоў і 16-17 мільёнаў рублёў.
Дзяржаўны памежны камітэт на пачатку мінулага лета падаваў інфармацыю, што амаль на траціне мяжы дэмаркацыя ўжо зроблена.
Паводле Радыё Свабода