За апошні год кожны пяты беларус даваў хабар
Гэтыя лічбы вынікаюць з даследавання Transparency International. Летась 20 % апытаных давалі хабар.
Часцей за ўсё беларусы сутыкаюцца з карупцыяй у медыцыне, адукацыі і праваахоўных органах.
Аналітыкі Transparency International апыталі амаль 60 тысяч чалавек у 42 краінах і зрабілі высновы на падставе пытанняў:
- Якія асноўныя праблемы стаяць перад вашай краінай?
- Як карумпаваныя розныя ўплывовыя групы ў вашай краіне?
- Наколькі добра ці дрэнна ваш урад змагаецца з карупцыяй?
- Ці багатыя людзі маюць вялікі ўплыў на ўрадавыя рашэнні?
Адзін з трох грамадзянаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі лічыць, што карупцыя або хабар з’яўляецца адной з самых важных праблем у іх краіне, паведамляе арганізацыя. У Беларусі гэтак лічаць толькі 14% апытаных. Астатнія ўказалі іншыя варыянты з прапанаванага спісу: эканамічнае становішча, беспрацоўе, злачыннасць, іміграцыю, ахову здароўя ды адукацыяю, адзначаецца ў дакладзе «Барометр сусветнай карупцыі».
22 % упэўненыя, што вышэйшыя органы ўлады карумпаваныя. 45 % нашых суайчыннікаў ацэньваюць барацьбу з карупцыяй неэфектыўнай.
Самую нізкую ацэнку сваёй дзяржаве ў барацьбе з карупцыяй і хабарніцтвам паставілі жыхары Украіны (86%), Малдовы (84%), Расеі (62 %).
«Ацэньваючы прычыны, па якіх людзі не паведамляюць пра карупцыю, 30 % апытаных сказалі, што гэта папросту небяспечна, 14% рэспандэнтаў думаюць, што карупцыю цяжка даказаць, 12 % упэўненыя, што паведамленне ні да чаго не прывядзе, 8 % не ведаюць, куды паведамляць, а 7 % баяцца прызнацца ў датычнасці да злачынстваў», – паведамляе Transparency International.
У лік самых карумпаваных краін у Еўропе і Цэнтральнай Азіі ўвайшлі Украіна, Расея, Малдова, Арменія, Боснія і Герцагавіна, Літва ды Сербія.
Арганізацыя лічыць, што паспрыяць вырашэнню праблемы карупцыі можа ўвядзенне на заканадаўчым узроўні паняцця лабісцкай дзейнасці, прыняцце мер для павелічэння празрыстасці і незалежнасці судовай сістэмы ад іншых галін улады.
Паводле belsat.eu