Просты чалавек у вялікай палітыцы
Гісторык Зміцер Дрозд заўважна выдзяляўся сярод сваіх паплечнікаў па няшчасці падчас судовага працэсу: энергічны, востраязыкі, шчыры. Зміцер заняў пазіцыю «лепшая абарона — гэта напад»: актыўна аспрэчваў абвінавачванні пракурора, адкрыта гаварыў пра фальш і прафанацыю судовага працэсу.
Гісторык Зміцер Дрозд заўважна выдзяляўся сярод сваіх паплечнікаў па няшчасці падчас судовага працэсу: энергічны, востраязыкі, шчыры. Зміцер заняў пазіцыю «лепшая абарона
— гэта напад»: актыўна аспрэчваў абвінавачванні пракурора, адкрыта гаварыў пра фальш і прафанацыю судовага працэсу.
«Я прашу даць мне восем, дзесяць год, але каб я мог быць дома і рэалізоўваць свае творчыя планы», — гэты ўрывак з «апошняга слова» абвінавачанага Дразда
на судзе ўжо стаў крылатым выразам сярод дэмакратычных актывістаў. Змітру Дразду далі тры гады, якія 38-гадовы мужчына ў самым росквіце сілаў мусіць правесці ў турме.
Нашчадак уладальніка Драздоў
«Мы — простыя людзі», — некалькі разоў паўтарае маці Змітра Дразда, Зоя Дзмітрыеўна, паказваючы сціплую двухпакаёўку ў адным са спальных раёнаў, дзе жыве яна,
дачка з мужам і двума дзецьмі і Зміцер. «Зміцер сем год працаваў у Маскве, дзе сустрэў і пакахаў дзяўчыну, але яны пасварыліся. Тая дзяўчына, Воля, ведае пра ягоны арышт, дапамагае нам, хоча
прыехаць пабачыць яго», — распавядае Зоя Дзмітрыеўна.
З Масквы Зміцер прыехаў два гады таму. За гэты час гісторык паспеў дапісаць кнігу, працу над якой распачаў яшчэ перад ад’ездам у Расію. 600-старонкавы даведнік «Землеўладальнікі
Мінскай губерні 1861–1900» выйшаў у кастрычніку, за два месяцы да арышту. «Гэтыя два гады Дзіма хадзіў у архівы як на працу, — смяецца маці. — Ён ужо
амаль падрыхтаваў да друку і другую кнігу, прысвечаную гісторыі фатаграфіі і лёсу фатографаў ХХ стагоддзя, але арышт парушыў ягоныя планы. Ён мне зараз піша: гатовы сядзець у турме колькі
спатрэбіцца, абы архівы былі пад рукой».
Падчас гутаркі высвятляецца, што «простыя людзі» маюць шляхетныя карані. «Падчас даследавання архіваў Зміцер вызначыў генеалогію Драздоў ажно з 1600 года. Нашы продкі былі
буйнымі землеўладальнікамі. Знакамітая вёска Дразды, якую зараз абжыло кіраўніцтва Беларусі, таксама належала нашым продкам. Я нарадзіла і Змітра, і ягоную сястру яшчэ ў Драздах, гэта ўжо пазней мы
перабраліся ў Мінск», — узгадвае Зоя Дзмітрыеўна.
Знойдзеныя звесткі пра продкаў-землеўладальнікаў і падштурхнулі гісторыка да стварэння даведніка. Ён, дарэчы, свабодна прадаецца ў кнігарнях сталіцы. Праўда, засталіся ўжо лічаныя асобнікі —
пасля арышту Змітра ў інтэрнэце разгарнулася кампанія ў падтрымку гісторыка і яго сям’і, людзі пачалі актыўна набываць кнігі.
Пра перавыданне даведніка Зоя Дзмітрыеўна пакуль што не думае — фінансава накладная справа, але рыхтуе сыну іншы сюрпрыз: «Распачынаем рамонт у Дзіміным пакоі, каб выйшаў —
і ўжо ўсё было гатовае. Праўда, не ведаю пакуль што, куды падзяваць усе гэтыя кнігі. У нас калі міліцыянты ператрус рабілі, дык здзівіліся, што так шмат кніг». Кнігі сапраўды паўсюль: і ў
шафах, і на падлозе. Таўшчэзныя тамы энцыклапедый па гісторыі Беларусі, даведнікі па гісторыі суседскай Расіі, некалькі Біблій, англамоўная літаратура — усё гэтае багацце чакае зняволенага
даследчыка.
Па году за ўдар
У сям’і Дзімам ганарацца. «Ён у нас вучоны», — урачыста гаворыць сястра Змітра, Наталля, кухар па адукацыі. «Вучоны» — гэта значыць, што
Зміцер атрымаў вышэйшую адукацыю. Ён скончыў гістарычны факультэт БДУ, перад гэтым атрымаўшы і сярэднюю адукацыю ў Мінскім тэхналагічным тэхнікуме па спецыяльнасці
«фотатэхніка».
«Дзіма захапляўся фатаграфіяй, здымаў у асноўным прыроду. У яго былі нават уласныя фотавыставы ў Мінску. Ён і на журфак пасля хацеў паступаць, але троху балаў не хапіла. Ён часта жартаваў
— маўляў, дай мне волю, я б усё жыццё вучыўся», — распавядае Зоя Дзмітрыеўна. Зміцер сапраўды не губляе часу дарма і працягвае вучыцца за кратамі — удасканальвае
англійскую і вывучае польскую мовы.
Жанчына адзначае, што яе паслухмяны, «хатні» сын — чалавек рызыкоўны і гатовы ўсё патраціць на свае захапленні. «Яму не важна, як ён харчуецца, што апранае. Ён быў
шчаслівы, калі накапіў грошаў на дарагі прафесійны фотаздымач, які, дарэчы, яшчэ не вярнулі з КДБ. Ён траціў вялікія грошы на рарытэтныя фотаздымкі XIX — пачатку XX стагоддзяў. Дзіма
спісваўся з калекцыянерамі праз інтэрнэт і выкупляў фота. Апошнія фотаздымкі прыйшлі ўжо пасля ягонага арышту — калі напісала яму ў лісце пра гэта, ён быў такі задаволены!»
— Зоя Дрозд паказвае кардонную каробку з некалькімі дзясяткамі рарытэтных фатаграфій.
Па словах сястры Наталлі, Зміцер вельмі лёгкі на пад’ём: «Яму не
складае праблемы сабрацца і паехаць, калі ён нешта вырашыў. Ён любіць вандраваць, аднойчы ўзяў ды паехаў з мінімальнай сумай грошай «дзікуном» у Егіпет. Столькі прыгодаў там
напаткаў!.. Пасля нават напісаў для сваякоў невялікую кнігу пра сваю незвычайную вандроўку».
Пры слове «сваякі» Зоя і Наталля Дрозд хмурацца. Пасля арышту Змітра сваякі перасталі з імі кантактаваць. Непрыемнасці ўзніклі і з суседкамі-пляткаркамі. «Затое мы
атрымоўваем вельмі шмат добрых словаў падтрымкі ад абсалютна незнаёмых людзей, раззнаёміліся са сваякамі іншых палітвязняў. Я раней была чалавекам па-за палітыкай, а зараз сайты незалежных СМІ
— мае ўлюбёныя», — распавядае Наталля.
Жанчына выказвае меркаванне, што Зміцер увесь час знаходзіцца ў пошуку сфераў, дзе ён яшчэ мог бы сябе рэалізаваць, выявіць свой талент. Такой сфераю сталася палітыка: у 2010 годзе Зміцер увайшоў у
ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава, збіраў за яго подпісы. «Я яго так адгаворвала, але Дзіма — чалавек самастойны, рашэнне пра ўдзел у выбарчай кампаніі і вулічнай акцыі 19 снежня
прыняў асэнсавана», — паціскае плячыма маці. У ліку многіх іншых Змітра Дразда абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» — з адчаю мужчына ўдарыў тры
разы пластыкавым мегафонам па драўляных загароджах у дзвярах Дома ўраду. «Мы ледзь з розуму не сышлі, калі пачулі, што просяць пакараць яго дзесяццю гадамі турмы. Думалі, што атрымае
напоўніцу за сваю дзёрзкасць. Але далі па году за ўдар», — сумуе Наталля.
У «апошнім слове» экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў узгадаў чатырох зняволеных, якія найбольш дапамагалі яму падчас выбарчай кампаніі: жонку Ірыну Халіп, сябра штабу Змітра
Бандарэнку, прэс-сакратара Аляксандра Атрошчанкава і «простага чалавека» гісторыка Змітра Дразда.