«Псіхалагічнае катаванне»: Някляеў вызвалены пасля 7 сутак арышту

Уладзімера Някляева схапілі па дарозе ў клініку, дакладна ведаючы, куды і ў колькі ён будзе накіроўвацца. Сваімі рэгулярнымі арыштамі ўлады чакаюць, што калі-небудзь «выцягнуць паэта наперад у белых тапках».

Уладзімер Някляеў пасля 7-суткавага арышту

Уладзімер Някляеў пасля 7-суткавага арышту

Ён быў асуджаны за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі» на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 8 верасня пад лозунгам «За мірную Беларусь» супраць вайсковых вучэнняў «Захад–2017».

Паплечнікі, актывісты, журналісты, якія сабраліся пад турэмнымі мурамі на завулку Акрэсціна, сустрэлі вязня воклічамі «Жыве Беларусь!».

Спадар Уладзімер абняў жонку Вольгу і паскардзіўся, што не далі з’явіцца перад ёй прыгожым — забаранілі пагаліцца.

«Не маглі абысціся без падлянкі нават у апошні дзень», — пажартаваў ён.

Сказаў, што з турмы заўсёды радасна выходзіць, але агульны настрой не вельмі добры. Па яго словах, сваімі рэгулярнымі арыштамі ўлады чакаюць, што калі-небудзь «выцягнуць паэта наперад у белых тапках». І дадаў: каб у адзін з дзён кроў пайшла не носам, а ў мозг, іх мара, магчыма, і збылася б.

«Зноў пераканаўся, што мы жывем у паліцэйскай краіне і з гэтым трэба змагацца. Заклікаю ўсіх беларусаў не сядзець па дамах, а быць сапраўднымі грамадзянамі», — сказаў па выхадзе з вязніцы Уладзімер Някляеў.

Палітык і паэт распавёў, што падчас арышту яму гэтак і не выдалі асадку, якую ён прасіў, каб запісваць свае думкі і сюжэты будучых твораў. «Тлумачыў ім, што нікому ж гэтым не буду замінаць, нічога больш прасіць не буду, але не дазволілі», — распавёў Някляеў. 


Схапілі па дарозе ў клініку

Уладзімер Някляеў расказаў некаторыя падрабязнасці свайго затрымання. На 9.50 раніцы 15 верасня ў яго быў талон да лекара. Яго схапілі па дарозе ў клініку, дакладна ведаючы, куды і ў колькі ён будзе накіроўвацца.

Спадар Уладзімер кажа, што напярэдадні ўвечары размаўляў з калегам Міколам Статкевічам, пераказаўшы яму свае планы. З гэтага вынікае, што іх тэлефоны праслухоўваюцца спецслужбамі. Адпаведна, тыя ўмешваюцца не толькі ў палітычнае, але і ў асабістае жыццё, кажа палітык.

У зняволенні Някляева найбольш абурала, што яго фактычна абяззброілі, не дазволіўшы карыстацца алоўкам.

«Прасіў да апошняга, але безвынікова. Гэта сапраўднае псіхалагічнае катаванне», — падсумаваў Някляеў.

Што да меркаванай акцыі, абвешчанай Беларускім нацыянальным кангрэсам на кастрычнік, па словах Някляева, усё будзе залежыць ад узроўню «крытычнай масы» у грамдстве. Пакуль яе не назіраецца — падаецца, што дзяржаве ўдалося «замарозіць» пратэстныя настроі.

Але доўга так працягвацца не можа, лічыць Уладзімер Някляеў.

www.svaboda.org