Някляеву ў турме на Акрэсціна не дазваляюць карыстацца асадкай
Вольга Някляева, жонка аднаго з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзіміра Някляева, сёння аднесла перадачу мужу ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, што на завулку Акрэсціна.

Уладзімер Някляеў на акцыі 8 верасня ў Мінску
Паэт і палітык перастаў выходзіць на сувязь з раніцы 15 верасня. Пазней Вольга Някляева даведалася ад дзяжурнага адваката з суду Савецкага раёну Мінску, што ён быў затрыманы і асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
РанейУладзімір Някляеў наракаў на стан свайго здароўя, у прыватнасці на павышаны ціск.
«Я запытала пра гэта, мяне запэўнілі, што ціск нармальны, пігулкі даюць, — сказала “Радыё Свабода” спадарыня Вольга. — Адзінае, чаго, паводле маёй інфармацыі, зноў пазбавілі, — гэта асадкі. Перадала сёння аловак, паглядзім, ці данясуць. Прынамсі ўзялі...»
З гэтай прычыны зняволены паэт не здолеў напісаць дадому ніводнага ліста, а Вольга Някляева дагэтуль не ведае пра падрабязнасці затрымання і прычыны пакарання мужа.
«Ды не, адкуль жа я магу ўзяць гэтыя падрабязнасці? — наракае жанчына. — Толькі ад яго. Сёння таксама паспрабуе да яго прабіцца адвакат, але невядома, дапусцяць урэшце ці не. Можа, тады і з’явяцца нейкія новыя дэталі».
Уладзіміра Някляева пакаралі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 8 верасня ў Менску, якая прайшла пад лозунгам супраць расійска-беларускіх вучэнняў «Захад–2017». Арганізатарам пратэсту быў Беларускі нацыянальны кангрэс.