«Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады». Маці пяцярых дзяцей Вользе Залатар выставілі абвінавачанне
38-гадовай шматдзетнай маці са Ждановічаў Вользе Залатар выставілі абвінавачанне, паводле якога ёй пагражае да трох гадоў турмы. Гэтую інфармацыю «Свабодзе» пацвердзіў адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў.
Жыхарку Ждановічаў Вольгу Залатар арыштавалі 18 сакавіка. Сілавікі спынілі яе аўтамабіль, дзе, акрамя Вольгі, знаходзілася яе непаўналетняя дачка. Пасля гэтага, паводле слоў суседзяў, дадому да Вольгі прыехала група сілавікоў з ГУБАЗіКа. Яны правялі ператрус і забралі Вольгу з сабой. Яна знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.
У той жа дзень увечары затрымалі мужа Вольгі Сяргея. Яго асудзілі на 10 дзён адміністрацыйнага арышту, ён вызваліўся 28 сакавіка.
Сям’я Вольгі пакуль не каментуе сітуацыю. У пятніцу 26 сакавіка Вользе афіцыйна прад’явілі абвінавачанне.
«Вользе прад’явілі абвінавачанне паводле артыкула 361, часткі 1, — сказаў адвакат Вольгі Залатар Андрэй Мачалаў. — Пакуль каментароў больш не будзе, Вольга прыняла такое рашэнне».
Частка 1 артыкула 361 гучыць наступным чынам: «Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, або ажыццяўлення акта тэрарызму ці дыверсіі, або здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, або распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі». Яна прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту альбо пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў.
Вольга Залатар да 9 жніўня была назіральніцай на выбарчым участку ў пасёлку. Займала актыўную пазіцыю ад самага пачатку пратэстаў. Яе тройчы затрымлівалі, правяла на Акрэсціна 5 дзён. Была валанцёркай ля Акрэсціна.
Вольга скончыла БДУ (магістр сацыялогіі). Яна беларускамоўная ў жыцці.
У іх з мужам пяцёра дзяцей: чатыры дачкі і сын. Старэйшай дачцэ 17 год, малодшаму сыну — 4.