Пуцёўка ў «Зубрёнок» каштуе, як адпачынак у Балгарыі

Пуцёўкі бацькі браніравалі зімой, нават не ведаючы цэнаў.



zubronak.jpg

У першых чыслах чэрвеня пачынаюцца заезды ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Заяўкі на пуцёўкі сёлета пачалі паступаць раней, чым звычайна - з лютага. І гэта нягледзячы на тое, што нават цяпер, у сярэдзіне мая, іх кошт яшчэ невядомы.
- Дакладны кошт на пуцёўкі чакаем з дня на дзень - калі канчаткова будуць зацверджаныя кошты на харчаванне, - распавяла Ірына Салаўёва, намесніца начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва. - Арыентавана ў сярэднім тур у загарадны лагер на адну змену будзе каштаваць 3 950 000 рублёў.
Цана сапраўды цяпер прыблізная. Летась, напрыклад, сярэдні кошт называўся 3,4 млн. рублёў, але пуцёўкі ў некаторыя лагеры прадаваліся даражэй за 4 млн. рублёў. І сёння ў адным лагеры мне агучылі папярэдні кошт 4 млн. рублёў, у іншым - 3,6 млн. рублёў.
З улікам дзяржаўнай датацыі (1 400 000 рублёў) сярэдні кошт пуцёўкі выходзіць прыкладна 2,5 млн. рублёў. Бацькі гатовыя плаціць за адпачынак дзяцей без доўгіх роздумаў - на першую змену ў многіх лагерах усе туры ўжо зарэзерваваны. А ў некаторых і таго больш.
- У нас ужо ўсё лета распісанае, - паведамілі ў «Планеце», адным з самых прэстыжных дзіцячых аздараўленчых лагераў пад Мінскам. - Разлічваць на тое, што нехта адмовіцца, не варта - у рэзерве таксама вельмі шмат ахвочых.
У некалькіх лагерах абнадзеілі тым, што крыху пуцёвак на першую змену яшчэ ёсць, і параілі паспяшацца з набыццём - маўляў, бацькі апошнія дні актывізаваліся, і прэтэндэнтаў становіцца ўсё больш.
Ёсць яшчэ месцы на першую змену і ў «Зубраняці», што каля Нарачы, які ў часы нашага дзяцінства называлі беларускім «Артэкам» (цяпер ён называецца «Нацыянальны дзіцячы вучэбна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня»). Але пуцёўка істотна даражэйшая за звычайны лагер – 6 820 000 для 10-гадовага дзіцяці, і дзяржаўная датацыя на яе не распаўсюджваецца. А першая змена пачынаецца не з першых дзён чэрвеня, а з 27 мая.
Дарэчы, крыху больш - блізу 7 млн. рублёў - каштуе дзіцячы адпачынак ля мора ў Балгарыі. Але там змены карацейшыя - 11 дзён/12 начэй. Адпачыць з аднагодкамі за мяжой можна і танней. Напрыклад, у Польшчы, беларускім школьнікам прапануюць лагеры па кошце ад 2,5 млн. рублёў. Пры замежных варыянтах на дзяржаўную датацыю таксама не разлічвайце.
ЛІЧЫЛКА «КП»
Сумы дзяржаўных датацый на пуцёўку:
аздараўленчыя, спартыўна-аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем - 1 млн. 400 тыс. рублёў (летась было 1 млн. 200 тыс.),
з дзённым знаходжаннем - 580 тыс. рублёў (было 500 тыс. рублёў),
профільныя аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш як 9 дзён - 600 тыс. рублёў (было 520 тыс. рублёў), лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем - 650 тыс. рублёў (560 тыс. рублёў).
ДАРЭЧЫ
Сёлета спіс аздараўленчых лагераў вакол Мінска, уласнікамі якіх з'яўляюцца сталічныя прадпрыемствы, паменшыўся да 35. Загарадныя лагеры «Загор'е» і «Электрон» будуць перапрафіляваныя ў рэабілітацыйныя цэнтры для маладых інвалідаў і дзяцей-інвалідаў.
kp.by