«Рада, што ўжо не відаць гематомы на твары». Што родныя палітвязняў думаюць пра іх сустрэчу з Лукашэнкам
На сустрэчы ў «Амерыканцы», акрамя Лукашэнкі, прысутнічалі яшчэ 12 чалавек. Апазнаць удалося 11 з іх.
Навіна пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з групай палітзняволеных у СІЗА КДБ з'явілася ў другой палове дня 10 кастрычніка. Спачатку пра яе паведаміў тэлеграм-канал «Пул Первого», а пазней кадры з сустрэчы паказалі дзяржаўныя тэлеканалы. Той жа «Пул Первого» таксама апублікаваў кароткае відэа і паведаміў, што сустрэча працягвалася больш за 4 гадзіны. Яе поўны змест застаецца невядомым. Дзяржаўныя СМІ толькі намякаюць, што размова датычылася будучых зменаў у Канстытуцыю.
Па апублікаваных фота і відэа можна апазнаць 11 з 12 удзельнікаў сустрэчы. Там былі
былы прэтэндэнт на прэзідэнцтва Віктар Бабарыка,ягоны сын Эдуард Бабарыка,дырэктар менскага офісу кампаніі PandaDoc Дзмітры Рабцэвіч,сябра прэзідыюму Каардынацыйнай рады юрыстка Лілія Уласава,былы топ-мэнэджар «Белгазпрамбанку» Сяргей Дабралёт,уладальнік галерэі «Ў» Аляксандар Васілевіч,
Кірыла Бадзей, які ўзначаліў «Белгазпрамбанк» пасля сыходу Бабарыкі,паліттэхнолаг Віталь Шкляраў,сябра прэзідыюму Каардынацыйнай рады адвакат Максім Знак,адвакат Ілля Салей,бізнэсовец і сябра выбарчага штабу Бабарыкі Юры Васкрасенскі.Акрамя іх, за авальным сталом на размове з Лукашэнкам прысутнічаў невядомы ў кепцы і з гадзіннікам на руцэ.
«Дыялог трэба весці не ў СІЗА КДБ»
Сустрэча Лукашэнкі з палітзняволенымі стала нечаканасцю як для экспертаў, так і для родных арыштаваных. Пра гэта ў размове са Свабодай расказала жонка Юрыя Васкрасенскага Алеся.
«Я думаю, нават палітолагі, палітычныя аглядальнікі ацэньваюць гэту сустрэчу па-рознаму, – кажа яна. – Яны ацэньваюць з пункту гледжання дасягнення мэты, этычнасці і гэтай далей. Ідэя дыялогу прагучала, але ўсе ж разумеюць, што дыялог неабходна весці з людзьмі на роўных умовах, калі яны знаходзяцца не за кратамі, не ў СІЗА, а на волі».
Юрыя Васкрасенскага трымаюць у СІЗА КДБ з 12 жніўня. Ён ужо станавіўся героем публікацый дзяржаўных СМІ. Толькі цягам апошняга тыдня было 10-хвіліннае інтэрвʼю Васкрасенскага праграме «Контуры», а 8 кастрычніка ён быў героем гадзіннай праграмы кіраўніка АНТ Марата Маркава.
«Шчыра кажучы, гэтыя два сюжэты з удзелам майго мужа выклікалі ў мяне неразуменне, – прызнаецца Алеся Васкрасенская. – Навошта ўвесь гэты тэатр, калі чалавек не зʼяўляецца небяспекай, ён цалкам адкрыты?
Я перажываю за яго здароўе, бо ў Юрыя ёсць дыягназы, пацверджаныя медычнымі заключэннямі, якія патрабуюць пастаяннага медычнага кантролю: праблемы з сэрцам, ціскам, з хрыбетнікам. У першы тыдзень пасля затрымання ён знаходзіўся наагул бязь лекаў. Пасля першых двух сюжэтаў, якія паказалі ў жніўні, можаце ўявіць мой стан. Былі вельмі нядобрыя прадчуванні. Браць інтэрвʼю ў чалавека, які ледзьве трымаецца на нагах... Ну неяк нядобра.
Я хадайнічала, каб мне дазволілі спатканне з мужам, каб адчуць ягоны стан. На жаль, на ўсе свае звароты атрымала адмову. Я рада, што ўжо не відаць гематомы на твары, ён паголены, сядзіць роўна. Але ў лістах ён піша пра пагаршэнне здароўя, і адвакат гэта пацвярджае. Я лічу, што трымаць хворага чалавека за кратамі недапушчальна».
Бацька былога выканаўцы абавязкаў старшыні праўлення «Белгазпрамбанку» Кірыла Бадзея Георгі кажа, што ўчорашняя сустрэча Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ для яго была таксама нечаканай.
«Магу толькі сказаць, што рух пачаўся, але да чаго ён прывядзе, што гэта азначае – пакуль тайна, – гаворыць Георгі Бадзей. – Нічога не магу прагназаваць».
Георгі Бадзей у 1990-я гады займаў пасады міністра працы, міністра кіравання дзяржаўнай маёмасцю, міністра эканомікі. Сына ён у суботу 10 кастрычніка пабачыў на відэа ўпершыню пасля яго затрымання. Георгі Бадзей кажа, што на фота і відэа, якія паказалі, сын выглядае больш-менш нармальна.
«Толькі крыху схуднеў, а так нармальна, мяркуючы па «карцінцы», – сказаў Георгі Бадзей. – Лісты ад сына сям’я атрымлівае. Піша, што трымаецца ён бадзёра, робіць зарадку, шмат чытае. Мы выпісваем для яго і прэсу, і кнігі. Гэта ўсё, што магу сказаць».
Нечаканасць сустрэчы Лукашэнкі з палітзняволенымі падкрэслівае і адвакат Юрыя Васкрасенскага Міхаіл Кірылюк.
«Зразумела, я ня ведаю дакладна, што яны абмяркоўвалі, – кажа Кірылюк. – Але я думаю, што галоўны пасыл сказаў нам тэлеграм-канал «Пул першага»: «Канстытуцыю на вуліцах не напішаш».
Адзінае, што ня можа атрымаць былы прэзідэнт самастойна і дзеля чаго ён мог пайсці прасіць даць яму палітвязняў – гэта суцішыць вулічныя пратэсты. Але хітрык у тым, што нават калі Бабарыка, ці Знак, ці Калеснікава, ці ўсе разам выйдуць да людзей на плошчу і скажуць: «Ідзіце дахаты, мы ўсё вырашылі«, адзінае, што яны пачуюць у адказ: «Ідзіце дахаты самі«.
Гэта добрая навіна для ўсіх нас. І гэта тое, чаго не разумеюць Эйсмант, Лукашэнка, некаторыя старыя апазіцыянеры. Вуліца кіруецца ўжо не палітыкамі, а самімі грамадзянамі. Людзі ладзяць канцэрты, лекцыі і проста чаяванні ў дварах не на загад мясцовага аддзелу БРСМ, а самі дзеля сабе. Гэта і ёсць нараджэнне грамадзянскай супольнасці, якой мы ўсе чакалі 26 гадоў. І яе ўжо немагчыма «нарадзіць назад».
svaboda.org