Раман Якаўлеўскі: Усё добра, але хто асабіста прадстаўляе Беларусь?

Міністры юстыцыі і ўнутраных спраў краін ЕЗ і "Усходняга партнёрства" заявілі пра гатоўнасць паглыбляць супрацоўніцтва па шэрагу кірункаў. Пра гэта чытаем у сумеснай заяве па выніках праведзенай 7–8 кастрычніка сустрэчы ў межах пасяджэння Рады Еўразвязу ў Люксембургу.



eurazviaz08.jpg

Удзельнікі сустрэчы таксама заявілі пра важнасць працягу працы, у тым ліку з Радай Еўропы, каб гарантаваць адпаведнасць усіх судовых сістэм еўрапейскім стандартам, а таксама дамагчыся незалежнай, бесстаронняй, падсправаздачнай і эфектыўнай судовай сістэмы і гарантый доступу да правасуддзя.

Каментуючы сустрэчу міністраў юстыцыі міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае: добра, што сустракаюцца міністры, нядобра, што сустракаюцца з Ігарам Шуневічам.

— Усё нармалёва, калі б не адна акалічнасць: хто прадстаўляе Беларусь асабіста. Прадстаўляе Беларусь асабіста асоба, якая напрамую ўдзельнічала ў допытах удзельнікаў 19 снежня. Нагадаю, што яго папярэднік генерал Куляшоў таксама ездзіў па гэтай галіне ў Францыю. У Беларусі гэтыя органы займаюцца не толькі крымінальным вышукам, але ж і палітычным.

У заяве адзначаецца, што дасягнута дамоўленасць аб узмацненні судовага супрацоўніцтва па грамадзянскіх і крымінальных справах, у тым ліку праз заахвочванне далучэння да адпаведных шматбаковых канвенцый Рады Еўропы і Гаагскай канферэнцыі.

Міністры дамовіліся рэгулярна сустракацца, каб кантраляваць дасягнуты прагрэс і палітычна накіроўваць далейшае развіццё супрацоўніцтва.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kratko-news.com