Раніцай сілавікі зладзілі ператрус і ў Ірыны Сухій

Сёння, 3 верасня, сілавікі з ператрусам прыйшлі ў хату да экаактывісткі Ірыны Сухій. Сама Ірына цяпер знаходзіцца за мяжой.

Фота ecohome-ngo.by

Фота ecohome-ngo.by

Сёння раніцай прыйшлі з вобшукам на кватэру, дзе жыве Ірына Сухій, сябра рады ГА «Экадом», актывістка Беларускай антыядзернай кампаніі, паведамляе тэлеграм-канал БАЖ. Сама Ірына знаходзіцца за мяжой і ў бяспецы.

Каля 9 раніцы пазванілі яе дачцы, прадставіліся як КДБ і ветліва паведамілі, што хочуць правесці вобшук, спыталі, хто ім адчыніць дзьверы, каб іх не ламаць. У пастанове аб вобшуку было «тры радкі розных артыкулаў крымінальнага кодэксу», паведамляе «Зялёны партал».

Ірына Сухій — старшыня рады грамадскага аб'яднання «Экадом», створанага ў 1996 годзе. Гэта адна з найстарэйшых некамерцыйных арганізацый у Беларусі, якая прасоўвала экалагічна сяброўскі лад жыцця і ідэй устойлівага развіцця. Сярод напрамкаў работы арганізацыі былі — адукацыя для ўстойлівага развіцця, развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі, эка-арт, прасоўванне аднаўляльных крыніц энергіі і ўдзел грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў.

На мінулым тыдні ГА "Экадом"ліквідаваў Вярхоўны суд. Як удакладнілі арганізацыі падчас суду, улады не лічаць, што са знікненнем "Экадому" краіна нешта страціць.

Ірына Сухій выступае за тое, каб людзі прымалі рашэнні наконт сваёй зямлі, нагадвае 34mag.net. Экаактывістка паслядоўна працуе над стварэннем такога грамадства, дзе кожны(-ая) мог(магла) бы ўплываць на важныя рашэнні — такія, як высечка парку, будаўніцтва завода або новага жылога комплексу, і атрымліваць дакладную інфармацыю аб стане навакольнага асяроддзя.