Расія пакуль не адкрые сваю наземную мяжу з Беларуссю для вольнага перасоўвання
Расія не пакіне Беларусь у бядзе, паколькі гэта «адзіны славянскі народ», сказаў амбасадар Расіі ў Мінску.

Фота РІА «Новости»
Амбасадар Расіі ў Мінску Яўген Лук’янаў заявіў, што пакуль яго краіна не гатовая да поўнага адкрыцця мяжы з Беларуссю, паведамляе «Свабода».
У выніку разрастання пандэміі каронавіруса ў 2020 годзе Расія абмежавала рух на мяжы з Беларуссю. Амбасадар Расіі ў Мінску Яўген Лук’янаў сказаў журналістам, што яго краіна пакуль не будзе змяняць цяперашні парадак на мяжы.
Цяпер у Расію з Беларусі могуць уязджаць грамадзяне РФ і ўладальнікі расійскага віду на жыхарства. Акрамя таго, у Расію могуць накіроўвацца супрацоўнікі беларускіх кампаній для працы вахтавым метадам, а таксама тыя, хто едзе на лячэнне, да блізкіх сваякоў ці на пахаванне.
Каб трапіць у суседнюю Расію, грамадзяне Беларусі мусяць здаваць ПЛР-тэст, які мае быць зроблены не раней, чым за тры дні да перасячэння мяжы. Гэтае патрабаванне дзейнічае як для авіяпералётаў, так і для паездак на цягніках.
Таксама Лук’янаў заявіў, што Расія не пакіне Беларусь у бядзе, паколькі гэта «адзіны славянскі народ».