Саюз журналістаў Расіі выйшаў з Еўрапейскай федэрацыі журналістаў «для аптымізацыі выдаткаў»

Сакратар Саюза журналістаў Расіі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі журналістаў Цімур Шафіраў пракаментаваў прычыны выхаду СЖР са структуры Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Ён заявіў, што прычына такога рашэння — «выключна эканамічная».

1622965690982342698_1000x669.jpg

Саюз журналістаў Расіі шмат гадоў з'яўляецца сябрам Міжнароднай федэрацыі журналістаў. У 2013 годзе Саюз журналістаў Расіі, яго кіраўніцтва таго часу ўступілі ў Еўрапейскую федэрацыю і ўсе гэтыя гады мелі сяброўства ў дзвюх арганізацыях.

«Справа ў наступным. Еўрапейская федэрацыя ў сваёй працы, у сваёй дзейнасці пераважна сканцэнтраваная на саюзах, якія знаходзяцца ў краінах-сябрах Еўрасаюза або ў краінах-кандыдатах. Безумоўна, яны займаюцца і іншымі пытаннямі, напрыклад, вялікую ўвагу надаюць падзеям у Беларусі. Але, у любым выпадку, вялікі практычнай дзейнасці па абароне працоўных правоў, сацыяльных правоў нашых расійскіх калег у рамках Еўрапейскай федэрацыі мы не праводзілі», — распавёў Шафіраў.

Пандэмія, адзначыў сакратар СЖР, аказала вельмі вялікі ўплыў не толькі на рэдакцыі СМІ і журналістаў, але і на прафесійныя журналісцкія арганізацыі.

«Нейкія саюзы ў розных краінах свету аказаліся на мяжы банкруцтва, у нейкіх саюзаў пачаўся вялікі адток членаў. Пандэмія не абышла бокам нікога. І, натуральна, у цяперашніх умовах мы ўсе шукаем шляхі аптымізацыі. І сапраўды гэтак жа ў Саюзе журналістаў Расіі, правёўшы аналіз, зразумеўшы, што па факце ў нашай дзейнасці сяброўства ў Еўрапейскай федэрацыі дублюе сяброўства ў Міжнароднай федэрацыі, мы правялі фактычна тэхнічную аптымізацыю. Гэта не палітычнае рашэнне, менавіта тэхнічнае, абумоўленае аптымізацыяй нашых працэсаў», — адзначыў Шафіраў.

Пры гэтым супрацоўніцтва з еўрапейскімі калегамі, як падкрэсліў сакратар СЖР, працягваецца.

Паводле прэс-службы «Беларускай асацыяцыі журналістаў».