Расія прыхоўвала інфармацыю пра свае страты ў Сірыі
Reuters правяло расследаванне спроб Крамля замесці свае страты падчас бою з сірыйскімі курдамі, якіх падтрымлівае ЗША, у раёне Дэйр эз-Зор у ноч з 7 на 8 лютага 2018 года.
Тады ў выніку дзеянняў амерыканскай артылерыі і авіяцыі ліквідавалі каля 100 расійскіх вайскоўцаў з неафіцыйнай ПВК Вагнера.
У сваю чаргу ў Міністэрстве замежных спраў Расіі сцвярджалі, што падчас бою загінулі толькі некалькі грамадзян Расіі.
Як адзначаецца, перад перавыбраннем Уладзіміра Пуціна Масква спрабавала ўхіліцца ад агалоскі страт пад Дэйр эз-Зорам, з-за чаго сваякі загінулых змаглі даведацца пра іх смерць амаль праз два месяцы пасля гэтых падзей.
«Было складана везці адразу столькі, таму што ўжо іх у Растове сустракалі журналісты, сустракалі барты, нам сказалі», — распавёў адзін з удзельнікаў бою.
Журналісты агенцтва знайшлі, як мінімум, шэсць сем'яў, якім целы родных вярнулі толькі праз сем тыдняў пасля сутыкнення расіян з амерыканцамі і курдамі.
Ва ўсіх выпадках у пасведчанні аб смерці былі пазначаны не толькі ілжывыя даныя пра час гібелі, але таксама і пра месца, дзе гэта адбылося.
Пры гэтым блізкія іншых загінулых адзначаюць, што вярбоўшчыкі, якія паведамлялі пра гібель родных, патрабавалі не выдаваць абставіны, пры якіх гэта адбылося.
Паводле nn.by