Расійскую вакцыну ад каронавіруса выпрабавалі на 100 беларусах
Клінічныя выпрабаванні расійскай вакцыны ад каронавіруса «Спадарожнік V» у Беларусі паказалі высокую эфектыўнасць, заявіў пасол РФ у Мінску Дзмітрый Мезенцаў у эфіры тэлеканала «Расія-24».
«Клінічныя выпрабаванні, у якіх прынялі ўдзел 100 грамадзян Беларусі, паказалі высокую эфектыўнасць расійскай вакцыны ["Спадарожнік V"] — прыкладна 95%. Гэта вельмі важны вынік», — сказаў ён.
Па словах Мезенцава, беларускія і расійскія спецыялісты аптымістычна настроены на сумесную працу ў галіне правядзення даследаванняў расійскай вакцыны «Спадарожнік V» і яе магчымага ўжывання ў Беларусі.
Пасол дадаў, што на дадзены момант Масква чакае ад беларускіх партнёраў правядзення рэгістрацыі вакцыны ў адпаведнасці з жорсткай нарматыўнай базай Міністэрства аховы здароўя і ўрада, пасля чаго можна будзе казаць аб накіраванні ў Беларусь значнай партыі для вакцынацыі грамадзян. Таксама абмяркоўваюцца перспектывы сумеснай з Беларуссю вытворчасці расійскай вакцыны.
Беларусь стала першай замежнай краінай, у якой стартавалі клінічныя даследаванні вакцыны «Спадарожнік V» пасля яе рэгістрацыі ў Расіі.
Сёння падчас наведвання 6-га шпіталя Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі знойдуць магчымасць, каб арганізаваць вытворчасць расійскай вакцыны на базе прадпрыемства «Белмедпрэпараты». Паводле яго слоў, паўдзельнічаць у фінансаванні хацеў і расійскі бізнес.
— Але я прыхільнік, каб дзяржаўнае прадпрыемства гэта рабіла. У нас прадпрыемствы могуць вырабляць гэтую вакцыну. Яшчэ незразумела, можа, гэтая зараза застанецца назаўсёды і нам, як ад грыпу, давядзецца прышчапляцца. Таму трэба вырабіць гэтую вакцыну, — заявіў Лукашэнка.
tut.by