Распачаты збор сродкаў для прыкутай да ложка даследчыцы беларускай музыкі
Вучні і сям’я прафесара Вольгі Дадзіёмавай просяць усіх неабыякавых людзей пералічыць любую суму грошай праз краўдфандынгавую платформу Molamola.by.
Сабраныя сродкі пойдуць на лячэнне і догляд паралізаванай у выніку цяжкай анкалагічнай хваробы былой загадчыцы кафедры беларускай музыкі Акадэміі музыкі, якая напісала 16 кніг па гісторыі музычнай культуры Беларусі.
Нават цяпер, калі ў Вольгі працуе толькі адна рука і адно вока, яна піша сваю 17-ю кнігу пад назвай «Гісторыя музычнай культуры Беларусі ў падзеях і асобах».
Вольга Дадзіёмава вядомая тым, што знайшла ў замежных архівах тысячы невядомых помнікаў музычнай культуры Беларусі і стварыла гісторыю беларускай музыкі. Гэтыя пошукі і шматлікія замежныя паездкі былі ўласнай ініцыятывай спадарыні Вольгі і не аплачваліся ўстановамі, дзе яна працавала. На ўсё гэта былі патрачаныя асабістыя зберажэньні апантанай шукальніцы беларускіх музычных скарбаў.
nn.by