Распачаўся збор подпісаў за ўключэнне «Новага часу» ў дзяржаўны распаўсюд
Пакуль невядомы нам добры чалавек распачаў збор подпісаў пад
электроннай петыцыяй «Узяць на распаўсюд газету "Новы час" i дадаць
яе ў падпісны каталог».
«Газета «Новы Час» — штотыднёвік, які надае вялікую ўвагу
нацыянальнай культурнай і гістарычнай тэматыцы і актыўна прапагандуе палітыку кіраўніцтва
нашай краіны ў той частцы, якая накіравана на захаванне і ўмацаванне
незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама на захаванне і распаўсюджванне
беларускай мовы. «Новы Час» — адно з нямногіх рэспубліканскіх выданняў, якія
выдаюцца цалкам на беларускай мове. Дадзеная газета выконвае важную місію па
забеспячэнні заўсёды свежай, праверанай і якаснай інфармацыяй аб падзеях у
Беларусі і свеце. Улічваючы дадзеныя факты, просім РУП "Белсаюздрук",
а таксама ўсе абласныя саюздрукі ўзяць на распаўсюд газету "Новы
час". РУП "Белпошта" просім дадаць газету ў падпісны каталог», —
гаворыцца ў петыцыі.
Электронны зварот будзе накіраваны ў РУП “Белпошта” і РУП “Белсаюздрук”
праз 4 дні.
Шаноўныя нашы чытачы, калі вы таксама хацелі б бачыць наша
выданне ў шапікаў і падпісным каталогу, падпішыце, калі ласка, гэту петыцыю.
А раптам спрацуе!..