Распіл? Беларускія ўлады збіраюцца купляць «Спутник V» па цане Pfizer або Moderna
Адпаведную выснову можна зрабіць з заявы Таццяны Рунец, старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі.
Распавядаючы пра беларускі бюджэт на 2022 год, Рунец адзначыла, што на фінансаванне сферы аховы здароўя сыдзе 8,4 мільярда рублёў. З іх 240 мільёнаў плануюць накіраваць на закупку не менш за 4 мільён доз вакцыны «Спутник V». Вытворчасць хочуць арганізаваць на базе Белмедпрэпаратаў, паведамляе «Наша Ніва».
Калі арыентавацца на курс Нацбанка, выходзіць, што ў беларускі бюджэт заклалі цану на дозу двухкампанентнай вакцыны каля $23.
Што паказальна, у Расіі раней вызначылі максімальную адпускную цану на «Спутник V» на ўзроўні 866 расийскіх рублёў 81 капейку. З улікам дастаўкі можна акругліць да 900 рублёў, але нават так выходзіць 31 беларускі рубель або $12, што ўдвая менш закладзенай беларускімі ўладамі цаны.
Акрамя таго, з агучаным сенатарам бюджэтам выходзіць, што Беларусі было б танней набываць двухкампанентную вакцыну Pfizer-BioNTech, якая каштуе $19,50. Прынамсі такая цана заяўлена на першыя 100 мільёнаў доз. Кошт адной з самых дарагіх у свеце друхкампанентных вакцын Moderna таксама не выглядае для Беларусі непад'ёмным — яна вар'іруецца ў межах $25-$37. Не кажучы пра аднакампанентную вакцыну Johnson & Johnson — $10 за дозу або друхкампанентную AstraZeneca, якую Еўропа наогул набывала па $2.15, а Вялікабрытанія і ЗША — па $3-4.
Трэба адзначыць, што і Pfizer, і Мoderna, і Johnson, і AstraZeneca ухваленыя СААЗ і вакцынацыя імі ў многіх краінах вызваляе ад неабходнасці мець ПЦР пры ўездзе або ад каранціну. У той час як наяўнасць беларускага сертыфіката аб вакцынацыі «Спутник V» пакуль не вызваляе ад неабходнасці мець ПЦР пры ўездзе нават у Расію.