Расследуе АБСЕ

Справу аб смерці журналіста Алега Бебеніна разглядаюць эксперты АБСЕ. Двое экспертаў-крыміналістаў з Нарвегіі і Швецыі прыехалі ў Мінск і ўжо пачалі знаёміцца з матэрыяламі следства.

Справу аб смерці журналіста Алега Бебеніна разглядаюць эксперты АБСЕ. Двое экспертаў-крыміналістаў з Нарвегіі і Швецыі прыехалі ў Мінск і ўжо пачалі знаёміцца з матэрыяламі следства.
“Эксперты зараз вывучаюць усе матэрыялы, што з’явіліся падчас расследавання гэтай справы. Яны не праводзяць новага расследавання, але пераглядаюць усе матэрыялы і фармуюць ўласнае меркаванне, — паведаміў кіраўнік мінскага Офіса АБСЕ Бенедыкт Халлер. — Гэтых экспертаў абраў цэнтральны Офіс АБСЕ ў Вене. Яны ўжо мелі сустрэчу з генеральным пракурорам Беларусі Рыгорам Васілевічам. Але іх праца не разгалошваецца. Пакуль я не магу сказаць нават аб праграме іх візіту, — зазначыў Халлер.
Пракурор Мінскай вобласці падоўжыў тэрмін правядзення праверкі па факце смерці Бебеніна да 3 лістапада. Комплексная экспертыза цела завершаная толькі часткова. Не выключаецца і верагоднасць таго, што пры неабходнасці будзе праведзена эксгумацыя.
Нагадаем, цела журналіста было знойдзена на яго дачы пад Мінскам у вёсцы Перхурава Дзяржынскага раёна 3 верасня каля 19.00. Органы пракуратуры правяраюць версію аб забойстве Бебеніна і інсцэніроўцы самазабойства. Сваякі настойваюць, што гэта было забойства.