Рэальная ўлада — у генсека УНС, а прэзідэнт — вясельны генерал? Якую новую Канстытуцыю рыхтуюць улады для беларусаў
На мінулым тыдні старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч (асоба, непасрэдна датычная да распрацоўкі праекта новай Канстытуцыі) назваў галоўныя тэзы будучай рэформы. Пункт нумар адзін: «Вызначэнне ў Канстытуцыі статуса Усебеларускага народнага сходу (УНС) як найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя». Якую новую Канстытуцыю рыхтуюць улады для беларусаў, у блогу на «Радыё Свабода» разважае Валянцін Жданко.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Канстытуцыя палітычных ілюзій і дэкарацый
Як цвёрда ведаў кожны савецкі грамадзянін, паміж правам, замацаваным у Канстытуцыі СССР, і савецкай рэальнасцю — вялізная бездань. На паперы — гарантаванае права на свабоду перакананняў і на свабоднае іх выказванне — але паспрабуй выказацца супраць савецкага ладу і камуністычнай сістэмы: цэнзура была татальнай. У Канстытуцыі — права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, але любы «мірны сход», не ўхвалены ўладамі, заканчваўся турмой. На паперы — свабода думкі, сумлення і рэлігіі, у рэальнасці — узарваныя цэрквы, расстраляныя святары і ваяўнічая прапаганда атэізму.
Што ўжо казаць пра свабоду «выбараў», на якіх мог быць толькі адзін ухвалены партыйным камітэтам кандыдат, за якога нязменна налічвалі 99 працэнтаў галасоў. І ў выніку атрымлівалі «парламент», у якім ніхто не галасаваў супраць і ўсе аднагалосна падтрымлівалі любую ініцыятыву партыі.
Савецкія грамадзяне жылі ў свеце палітычных бутафорый, ілюзій і дэкарацый, дзе назвы ўсіх дэмакратычных працэдур і інстытуцый па змоўчванні трэба было браць у двукоссі і дабаўляць азначэнне «савецкі»: «савецкія выбары», «савецкія правы», «савецкая законнасць».
А прэзідэнт — для цырымоній
Але быў у савецкай канстытуцыі артыкул нумар шэсць, які дзейнічаў бездакорна і без усялякіх двукоссяў. І ў якім, уласна, і ўтрымлівалася ўся сутнасць «народаўладдзя» ў СССР: усе іншыя артыкулы былі на гэтым тле другараднымі і неістотнымі. Артыкул гэты — пра палітычнае панаванне КПСС.
Калі старшыня Канстытуцыйнага суда кажа пра з'яўленне «найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя» у асобе УНС, то чаму б не замацаваць гэты статус фармулёўкай, апрабаванай камуністычнай тэорыяй і практыкай?
Тады б і прыдумваць нічога не давялося. Артыкул, калі скапіраваць яго з брэжнеўскай канстытуцыі, гучаў бы прыблізна так:
«Найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, кіруючай і накіроўваючай сілай беларускага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з'яўляецца Усебеларускі народны сход (УНС). Ён вызначае генеральную перспектыву развіцця грамадства, лінію ўнутранай і вонкавай палітыкі, кіруе вялікай стваральнай дзейнасцю беларускага народа».
Якімі будуць месца і роля той асобы, якая ўзначаліць гэты «найвышэйшы прадстаўнічы орган»? Ну, прыблізна тымі ж, як у генеральнага сакратара ЦК КПСС у Савецкім Саюзе. Фактычна — поўная і непадзельная ўлада ў дзяржаве. І без усялякіх усенародных выбараў: толькі шляхам аднадушнага галасавання нікім не выбраных дэлегатаў УНС. Зразумела, пасада — пажыццёвая, без усялякіх абмежаванняў.
А што ж пасада прэзідэнта? Фармальна яна можа і застацца — будзе прэзідэнт гэткім «вясельным генералам». Няхай неабазнаны абывацель цешыцца, што яе зойме хтосьці іншы. У Савецкім Саюзе, напрыклад, фармальным кіраўніком дзяржавы лічыўся старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета. Падпісваў указы аб узнагароджанні ордэнамі і медалямі, прымаў даверчыя лісты ад замежных амбасадараў, засядаў у розных ганаровых прэзідыумах... Ніхто рэальным лідарам дзяржавы яго не лічыў.
Можа, некаторыя забылі: у СССР пры Сталіне кіраўніком савецкай дзяржавы фармальна лічыўся Міхаіл Калінін. Сталін гэтага «кіраўніка дзяржавы» называў крыўднымі мянушкамі, нярэдка прыніжаў і насміхаўся. А каб той назаўсёды запомніў уласнае месца, — кінуў жонку Калініна на 15 гадоў у лагеры за «антысавецкую дзейнасць» і «сувязь з трацкістамі». (Кацярыну Калініну, маці чацвярых дзяцей «усесаюзнага старасты», вызвалілі пасля многіх прыніжальных просьб і пакаянных лістоў толькі ў чэрвені 1945-га, за год да смерці мужа).
Наперад, у савецкае мінулае!
Гучыць такі сцэнар абяцанай уладамі канстытуцыйнай рэформы пакуль што, можа, і абсурдна. Але не менш абсурдна, чым выглядае сённяшняя беларуская рэчаіснасць, калі пад лозунгамі «народнага адзінства» кідаюць у турмы, выціскаюць з краіны, пазбаўляюць працы, выганяюць з універсітэтаў тысячы і тысячы тых, хто паспрабаваў мірным чынам адстойваць сваё канстытуцыйнае права на сумленныя выбары і на ўласнае меркаванне.
Тое, што на гэтым тле рэжым раптам распачне рэальную палітычную рэформу, якая б была накіравана на будучую дэмакратызацыю, на адыход ад жорсткай аўтарытарнай сыстэмы, на паступовы транзіт улады, — выглядае чымсьці неверагодным.
Бо тое, што сёння адбываецца ў Беларусі — гэта імклівы рух назад, да савецкай сістэмы. Добра знаёмай для сённяшняга кіраўніка па гадах яго маладосці. Камфортнай для незмяняльнай улады, дзе не было і не магло быць пратэстаў і іншадумства, дзе на любы заклік улады ў грамадства мог быць толькі адзін адказ: «Горача ўхваляем і аднадушна падтрымліваем». Дзе правадыр калі і пакідаў свой пост, то толькі на катафалку і пад гукі жалобнага маршу.
Цалкам магчыма, што 15 сакавіка сёлета — апошні раз, калі ў Беларусі адзначаюць Дзень Канстытуцыі менавіта ў гэты дзень. Праз год у краіне, як абяцаюць улады, будзе новая Канстытуцыя, а значыць, верагодна, і новая дата яе адзначэння. У хуткім часе, хутчэй за ўсё, з'явіцца праект і пачнецца «ўсенароднае абмеркаванне».
«Усенароднае абмеркаванне» па-савецку
Як гэта можа адбывацца, асабіста я добра памятаю.
У 1977 годзе, паводле афіцыйных звестак, у ходзе «ўсенароднага абмеркавання» новай савецкай Канстытуцыі адбылося паўтара мільёна сходаў, у якіх узялі ўдзел 140 мільёнаў чалавек (80% дарослага насельніцтва СССР). Паступілі 400 тысяч паправак і прапаноў. Прапаноўвалася, сярод іншага, устанавіць усім аднолькавыя пенсіі і абавязаць усіх грамадзян выпускаць прадукцыю толькі высокай якасці... Ледзь не самым спрэчным з'явілася пытанне: як больш дакладна называць Саветы — Саветамі дэпутатаў працоўных ці Саветамі народных дэпутатаў. Нейкіх больш значных спрэчак не здаралася...
Публічна патрабаваць рэальных дэмакратычных свабод ці справядлівых выбараў, наколькі вядома, ніхто са 140 мільёнаў чалавек не спрабаваў.
Падчас прыняцця новай Канстытуцыі дэпутаты на адмысловай сесіі Вярхоўнага Савета СССР у кастрычніку 1977 года дружна называлі яе «сімфоніяй розуму і шчасця» і «самай запаветнай, самай галоўнай кнігай, якую прагне чытаць кожны чытач». Імя Леаніда Брэжнева згадвалася ў кожным выступе ў сярэднім шэсць разоў. Яго называлі «натхняльнікам і стваральнікам канстытуцыі, якая ад першага да апошняга радка прасякнутая яго думкамі і пажаданнямі, па-ленінску глыбокімі і яснымі, даступнымі разуменню кожнага чалавека». Але ўсіх апярэдзіў у гэтай справе першы сакратар ЦК кампартыі Латвіі Аўгуст Вос: ён здолеў згадаць імя Леаніда Ільіча 12 разоў на працягу 3-хвіліннага выступу.
7 кастрычніка 1977 года нас, школьнікаў, знялі з аднаго з урокаў і на ўрачыстай лінейцы на працягу 45 хвілін тлумачылі, якая вялікая падзея адбылася ў краіне. «Вялікай падзеяй», зрэшты, былі задаволеныя далёка не ўсе, бо выхадны дзень 5 снежня, які да 1977 года святкаваўся як Дзень канстытуцыі, у гэты год адмянілі.
Калі савецкая традыцыя цалкам адновіцца, то зусім лагічна, што дзень новай лукашэнкаўскай Канстытуцыі можа стаць непрацоўным. Як дзень сталінскай канстытуцыі 5 снежня і брэжнеўскай — 7 кастрычніка. І будзе адзначацца з феерверкамі, парадам і хакеем.