Рэйд па дармаедах: гучна і бессэнсоўна

Распіяраны чарговы «рэйд» па асобах, незанятых у квітнеючай беларускай эканоміцы, болей за тыдзень ужо крочыць па гарадах і вёсках. Як грозна абяцаў міністр унутраных спраў, дойдуць да кожнага, але з якой мэтай — пакуль незразумела. Адзін з «ахвяраў» гэтага рэйду распавёў «Новаму Часу», як усё адбываецца. Ці ёсць у гэтым «варушняку» нейкі сэнс – глядзіце самі.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Наш суразмоўца з’яўляецца вымушаным дармаедам цягам некалькіх гадоў. Пасля падзей 2020 году Міхаіл (імя зменена ў мэтах бяспекі) страціў сталую працу з нагоды затрымання на адным з шэсцяў і з тых часоў перабіваецца выпадковымі падпрацоўкамі. Калі даведаўся аб чарговым рэйдзе, зразумеў, што трэба чакаць гасцей. Далей прыводзім ягоны расповед.

«Лютаўскім надвячоркам займаўся хатнімі справамі і пачуў працяглы званок у дзверы. У вочка ўбачыў двух маладзёнаў у форме, адчыніў, адзін з іх удакладніў, ці я — гэта я і прапанаваў выйсці для размовы. Заходзіць у кватэру яны цвёрда адмовіліся і я, прыхапіўшы пашпарт, выйшаў на лесвічную пляцоўку. Пакуль адзін праглядаў пашпарт, другі хутка запоўніў нешта кшталту анкеты (прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння і г.д.). Пацікавіліся, чаму я не працую. Пачуўшы адказ, адзін буркнуў: «А, зразумела...» Спыталіся: «А ці хочаце вы працаваць?» На што я шчыра адказаў, што канешне, бо жыць неяк трэба. І мне выдалі паведамленне аб неабходнасці візіту ў цэнтр занятасці цягам 5 працоўных дзён з дакументам, што пацвярджае маю асобу. Далей я распісаўся ў анкеце і мы даволі ветліва развіталіся.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Праз колькі часу я выправіўся ў гарадскі цэнтр занятасці. Ён працуе ад 8 гадзіны раніцы, я вырашыў пайсці да адкрыцця. Падыходзячы да будынка, убачыў чаргу прыкладна ў 50 чалавек. Ну што рабіць, ужо прыйшоў жа! Пакуль чакалі восьмай гадзіны, то размаўлялі адзін з адным. Мужчына, які быў за мной, распавёў, што прыходзіў учора дзесьці каля 11 раніцы, унутры атрымаў квіток з нумарам і быў 352-м у чарзе. Потым сышоў па справах і калі вярнуўся каля 16 гадзін, то на інфармацыйным табло было бачна, што зараз прымаюць візіцёра з нумарам 183. Зразумеў, што лепей прыходзіць раніцай. Таксама сказаў, што ўчастковы, які даваў яму гэтае паведамленне, на пытанне «А што, калі не пайду?» адказаў, што тады будзе крымінальная справа. Іншыя людзі казалі, што на такое ж пытанне атрымлівалі досыць розныя адказы: ад «штрафу» да «самі ўбачыце». На якой падставе тут можа быць некая «крыміналка» ці «штраф» — абсалютна незразумела. Дарэчы, на самым паведамленні ў канцы напісана, што ў выпадку няяўкі «інфармацыя будзе перададзена ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах». Якая інфармацыя, што да чаго?

Дзверы адчыніліся, і чарга павольнай змяёй пацягнулася ўнутр. Там ля аўтамата электроннай чаргі стаяла жанчына — кантралявала выдачу квіткоў з нумарамі, адказвала на пытанні і накіроўвала людзей у патрэбныя кабінеты. Жанчыну гэтую было вельмі шкада – адказваць на адны і тыя ж пытанні, трымаць спакой пры часам даволі агрэсіўных паводзінах наведвальнікаў (няшмат, але былі такія), асабіста вадзіць людзей з нестандартнымі пытаннямі да адпаведнага спецыяліста... Такую працу ворагу не пажадаеш, ну хіба зусім-зусім ворагу. Абсалютная большасць людзей мелі такія ж паведамленні як і я, і з іх фармавалася чарга да наступных дзвярэй, куды, згодна з нумарамі, выклікаліся візіцёры. Хутка стала зразумела, што лічбы на інфармацыйным табло не адпавядаюць рэчаіснасці: ці  ім пастаянна забывалі карыстацца пры выкліку чарговага чалавека, ці яно ўвогуле працуе, як хоча. 

Да 9 гадзіны чарга рухалася даволі павольна, але потым да спецыялістаў, якія працавалі ад 8-й, далучыліся тыя, у каго працоўны дзень пачынаецца з 9, і справа пайшла хутчэй. Тут высветлілася, што фактычна супрацоўнікі цэнтра занятасці не ведаюць, навошта міліцыя накіроўвае сюды гэтых «незанятых у эканоміцы». Каб стаць на ўлік у якасці беспрацоўнага трэба мець з сабой пашпарт, пасведчанне аб адукацыі і працоўную кніжку, а ў паведамленні пазначаны толькі пашпарт. З пашпартам можна атрымаць хіба спіс вакансій з дзяржбанку вакансій па спецыяльнасцям, якія цябе цікавяць. І ўсё! Зразумела, людзі былі абураныя такім падыходам і «каардынаванасцю» ды «ўзаемадзеяннем» дзяржаўных органаў. Ну рабіць няма чаго, узяў я спіс вакансій і пайшоў дадому, змарнаваўшы на гэта больш за дзве гадзіны. Ісці брацца на ўлік не бачу сэнсу, прынамсі, пакуль не скончыцца гэты рэйд і натоўпы людзей у цэнтры занятасці.

Я, канешне, не ведаю, якімі матывамі кіраваліся тыя, хто планаваў гэтае «мерапрыемства» і да якіх мэтаў яны імкнуцца, але відавочна, што нікому з шэраговых удзельнікаў «працэсу» з абодвух бакоў гэта не падабаецца. Калі мэтай ёсць узяць усіх «незанятых» на ўлік у цэнтры занятасці, то можна было б на паведамленні ўказаць спіс неабходных дакументаў пры наведванні цэнтру. Супрацоўнікам цэнтру не пазайздросціш, канешне, з такой колькасцю візіцёраў, але ж сумесна з МУС можна было б неяк распрацаваць алгарытм працы, які б усіх задаволіў. Паводле слоў аднаго мужчыны ў чарзе, ягоны ўчастковы заўважыў, што «такіх вось па Мінску каля 80 тысяч». Нават калі цэнтр будзе апрацоўваць 400 чалавек за дзень, то нескладана падлічыць на колькі расцягнецца гэты «рэйд». Гэта ўжо спецаперацыя нейкая. Толькі вось які ў ёй сэнс і мэта — незразумела нікому».

Дзяржава не ўпершыню намагаецца працаўладкаваць усіх пагалоўна. Дагэтуль вынікі такіх намаганняў мякка паскочваліся да нулявога паказчыка. Нешта нам падказвае, што гэты «рэйд» так і застанецца гучным словам і нічым больш.