"Рэпарцёры без межаў" асудзілі чарговыя арышты журналістаў у Мінску
Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" асудзіла чарговыя арышты журналістаў у Мінску і запатрабавала вызваліць Аляксандра Ярашэвіча і Дзмітрыя
Галко.
Нагадаем, журналіст "Радыё Рацыя" Аляксандр Ярашэвіч і блогер Дзмітрый Галко былі затрыманыя ў Мінску вечарам 6 мая пасля сустрэчы арыштаваных удзельнікаў акцыі "Чарнобыльскі шлях", якія былі вызваленыя ў той дзень. Галко і Ярашэвіч прызнаныя вінаватымі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і асуджаныя на 10 і 12 сутак адміністрацыйнага арышту адпаведна.
У заяве "Рэпарцёраў без межаў" зазначаецца: "абсурдныя абвінавачанні", на падставе якіх суд прыгаварыў да арышту Ярашэвіча і Галко, яшчэ раз сведчаць
аб "рашучасці ўладаў падаўляць незалежную журналістыку" ў Беларусі. Праваабарончая арганізацыя таксама звяртае ўвагу на тое, што суды над Ярашэвічам і Галко праходзілі
з парушэннямі іх права на справядлівы разбор. "Яны павінны быць неадкладна вызваленыя", — рэзюмуюць "Рэпарцёры без межаў".
Аўтары заявы таксама асудзілі папярэджанне, якое вынесла 8 мая пракуратура журналісту "Радыё Свабода" Алегу Груздзіловічу за кнігу "Хто ўзарваў мінскае
метро?".
"Рэпарцёры без межаў" нагадваюць, што ў рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь займае 157-е месца са 179 краін.