«Рэпарцёры без межаў» заклікалі «націснуць» на беларускія ўлады

Згадваецца «беспрэцэдэнтная хваля штрафаў» і «справа БелТА», перадае Радыё Свабода.

tutbai_.jpg

Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала статыстычныя звесткі пра рэкордную колькасць штрафаў журналістам у Беларусі — не менш як 99 прысудаў з пачатку года.
91 ь іх — супрацоўнікам «Белсату» за тое, што працуюць, не маючы акрэдытацыі, якой Міністэрства замежных спраў не дае тэлеканалу. Гэта ўжо больш, чым за цэлы мінулы год — тады было толькі 70 штрафаў.
Кіраўнік усходнееўрапейскага і цэнтральнаазіяцкага аддзялення «Рэпарцёраў без межаў» Ёган Бір заявіў, што «беспрэцэдэнтная хваля штрафаў» звязаная з жаданнем «заткнуць незалежных журналістаў»
«Гэта частка татальнай кампаніі пераследу апошніх крытычных галасоў у медыя краіны, — піша Бір. — Замежныя партнёры Беларусі павінны ў тэрміновым парадку націснуць на ўлады, каб яны спынілі гэта».
У публікацыі згадваюцца «рэкардсмены» па штрафах: Кастусь Жукоўскі, які мае ўжо 12 штрафаў больш як на 4700 еўра, і Вольга Чайчыц, якая мае ўжо 10 штрафаў (у публікацыі «Рэпарцёраў без межаў» названыя толькі 9). І Жукоўскі, і Чайчыц працуюць на «Белсат».
Таксама ў артыкуле даюцца спасылкі на ранейшыя публікацыі — пра «справу БелТА», папраўкі ў закон «Аб СМІ». Згадваецца і нядаўняя пастанова аб парадку экспертызы прадукцыі замежных СМІ на распаўсюд забароненай інфармацыі, прапаганду наркотыкаў, вайны ці экстрэмізму.
Радыё Свабода