Рэпост навіны з праваабарончага сайта — экстрэмізм?

Міліцыя пачала складаць пратаколы на ўдзельнікаў флэшмобу #яэкстрэміст, што праходзіць у сацыяльных сетках.

Глеб Рубанаў

Глеб Рубанаў

Увечары 21 сакавіка IT-кансультанту Глебу Рубанаву патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся ўчастковым, і паспрабаваў запрасіць на неадкладную размову з нагоды флэшмобу #яэкстрэміст.
На прапанову перанесці размову на больш зручны час, участковы адказаў, што нібыта рашэнне трэба прыняць сёння, бо заканчваецца тэрмін праверкі па справе, распачатай тыдзень таму, 14 сакавіка. Глеб Рубанаў ад сустрэчы адмовіўся. Па словах тэлефанаваўшага, справа, верагодна, будзе перададзена ў суд.
Хутчэй за ўсё прэтэнзіі ўзніклі да публікацыі ў фэйсбуку са спасылкай на тэкст, у якім няма нічога экстрэмісцкага ці злачыннага. Размова пра навіну аўтарства праваабарончага сайта spring96.org пра чарговы штраф Міколу Дзядку. Меркавана экстрэмізмам з'яўляецца размяшчэнне спасылкі на перадрук матэрыяла  сайтам abc-belarus.org, бо ўсе публікацыі гэтага рэсурсу ў Беларусі лічацца забароненымі.
Таксама 21 сакавіка наконт нібыта распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў тэлефанавалі актывісту кампаніі Legalize Belarus Пятру Маркелаву. Магчымай падставай для інтарэсу з боку праваахоўчых органаў з'ўляецца фотаздымак на фоне ўваходу ў бізнес-цэнтр «Красавік», размешчаны на старонцы Маркелава ў фейсбуку.
Флэшмоб #яэкстрэміст распачаты анархістам і журналістам Міколам Дзядком. Удзельнікі флэшмоба публікуюць у сацыяльных сетках свае фотаздымкі з матэрыяламі з Рэспубліканскага спісу экстрэміцкіх матэрыялаў і хэштэгам #яэкстрэміст #яэкстремист.