«Робіцца ўпор на максімальную ізаляцыю, нанясенне шкоды рэжыму, таму тут выбіраць не даводзіцца»

Эксперты — пра тое, ці варта блакаваць фінансавую дапамогу ад МВФ на барацьбу з наступствамі каронавіруса.

photo_2021_07_18_15_50_27.jpg

Міжнародны валютны фонд можа даць Беларусі 950 мільёнаў долараў на барацьбу з наступствамі ад пандэміі. Офіс Святланы Ціханоўскай заявіў аб планах заблакаваць гэтыя сродкі да таго часу, пакуль у Беларусі не адбудуцца сумленныя выбары.

Ці варта пазбаўляць краіну дапамогі ў барацьбе з пандэміяй, хто пацерпіць ад гэтага ў першую чаргу? «Салідарнасць» абмеркавала з экспертамі, як гэты крок можа паўплываць на эканоміку Беларусі, а таксама на рэпутацыю апазіцыі.

Палітолаг Валерый Карбалевіч гаворыць, што грошы МВФ ідуць не на канкрэтныя праекты барацьбы з пандэміяй.

— Яны проста даюцца дзяржаве, і ўрад выкарыстоўвае іх так, як лічыць патрэбным. Таму сцвярджаць, што гэтыя грошы прызначаліся на барацьбу з кавідам, а апазіцыя іх адабрала, не зусім карэктна.

Наконт рэпутацыі дэмакратычных сіл. Тыя, хто глядзіць і верыць тэлевізару, тыя будуць верыць і далей. Калі меркаваць па тым, што гаворыць дзяржпрапаганда, то сёння журналісты — гэта тэрарысты, у якіх праводзяць ператрусы і якіх арыштоўваюць. Зыходзячы з гэтага, апанентам рэжыму наогул няма месца ў гэтым свеце, у гэтай сістэме каардынат.

Мне здаецца, што беларускае грамадства выразна падзелена сёння па стаўленні да ўлады. Колькасць нявызначаных ёсць, але не думаю, што яна вызначае парадак дня.

Калі казаць пра логіку дзеянняў штаба Ціханоўскай, то яна больш чым зразумелая. Робіцца ўпор на максімальную ізаляцыю, нанясенне шкоды кіруючаму рэжыму, таму тут выбіраць не даводзіцца, — заключае палітолаг.

— Самае важнае: гэтыя сродкі ад МВФ — не крэдыт, а эмісія ці падарунак, па сутнасці, — тлумачыць старшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

— МВФ эмітуе SDR, або спецыяльныя правы запазычання — спецыяльныя ўліковыя адзінкі, якія аўтаматычна размяркоўваюцца паміж усімі членамі МВФ згодна з іх квотай. Кожная краіна атрымлівае гэтыя знакі ў сваё распараджэнне назаўжды.

Квота Беларусі — прыблізна 0,15%. Цяпер МВФ эмітуюцца 460 млрд. SDR, або 650 млрд. долараў, то-бок наша краіна атрымае каля мільярда долараў, крыху менш.

Апошні раз такое размеркаванне МВФ было падчас крызісу 2009 года. Тады было эмітавана каля 180 млрд. SDR, Беларусь атрымала ў раёне 200-300 млн. долараў. Акрамя таго, сумарна ў 2009-2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ яшчэ і крэдыт у 3,5 млрд. долараў ЗША. Усе абмяркоўвалі гэты крэдыт, і на яго фоне гісторыя з падарункам у некалькі соцень мільёнаў прайшла не моцна заўважанай.

SDR у Беларусі лічацца ў золатавалютных рэзервах. На самой справе, існуе практыка, на што трацяцца ў краіне ЗВР. Яны ідуць, па сутнасці, на два напрамкі: вяртанне знешніх даўгоў і продаж валюты на біржы, інтэрвенцыі ў сітуацыі, калі попыт моцна перавышае прапанову. У Беларусі няма практыкі, каб грошы з ЗВР ішлі на заробкі лекарам ці АМАПа — на куплю дубінак або лекаў.

У цэлым, важна разумець, што для любой краіны сродкі ў SDR — гэта не кавалак бюджэту, з якога ідуць закупкі, зарплаты і гэтак далей. Зноў жа, звычайна гэта частка ЗВР або міжнародных актываў, як яшчэ іх называюць. Часцей за ўсё гэтыя рэзервы выкарыстоўваюцца для пагашэння знешніх даўгоў.

Напрыклад, калі ў Беларусі быў бы абавязак перад МВФ, то гэтымі SDR можна яго і пагасіць. А вяртаць даўгі іншым краінам і крэдыторам трэба ў валютах, на якія можна SDR памяняць: долары, еўра, юані, фунты стэрлінгаў і ены.

Эканаміст адзначае, што з пункту гледжання МВФ няма добрых або дрэнных краін.

— Фонд у адпаведнасці са сваім статутам і працэдурамі аўтаматычна налічвае пэўную долю кожнаму члену МВФ.

Іншая справа, што не ўсе краіны маюць доступ да сваёй квоты. Два выключэнні — гэта Венесуэла і М'янма. Большасцю галасоў члены МВФ не прызнаюць бягучае кіраўніцтва Венесуэлы, не прызнаюць хунту ў М'янме. Гэта значыць, SDR ў гэтых дзвюх краін як бы ёсць, аднак кіраўніцтва краіны, Міністэрства фінансаў або Цэнтрабанк дэ-факта доступу да іх не маюць. Зараз абмяркоўваецца магчымасць прымянення такога варыянту і да Беларусі.

Дэкларуецца, што сродкі МВФ вылучаюцца на барацьбу з наступствамі пандэміі. Аднак на што па выніку сыдуць грошы, ніхто не правярае.

— У кожнай краіны свае праблемы праз пандэмю. У кагосьці наогул няма знешняга доўгу, а гэтыя грошы налічаць. А ў кагосьці вырасла беспрацоўе, няма або не хапае будматэрыялаў. Тэарэтычна кожная краіна, асабліва калі ў яе няма праблем са знешнім абавязкам, можа выдаткаваць гэтыя грошы на што заўгодна.

Паводле слоў суразмоўцы, нельга сказаць, што ад замарозкі сродкаў ад МВФ кропкава пацерпяць людзі, работнікі медыцынскай сферы. Хутчэй гэта проста ўскладніць уладам выплаты замежных запазычанасцей.