Рух "За Свабоду" бароніць царкву "Новае Жыццё"
Рада Руху "За Свабоду" на сваім пасяджэнні 2 снежня прыняла заяву ў падтрымку царквы "Новае Жыццё".
У ёй выказана сур'ёзная занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася вакол царкоўнага будынку абшчыны хрысціян поўнага Евангелля "Царква "Новае Жыццё".
"Спроба пазбавіць яе ўласнага будынку ў Мінску можа стаць першым крокам у абмежаванні дзейнасці і "Новага Жыцця", і іншых евангельскіх цэркваў Беларусі.
Царква "Новае Жыццё" вядомая ў нашай краіне не толькі сваёй душпастырскай, але і сацыяльнай, гуманітарнай, рэабілітацыйнай дзейнасцю. Акрамя таго, яна займае актыўную грамадзянскую пазіцыю ў такіх важных для хрысціян пытаннях, як забеспячэнне ў грамадстве справядлівасці і захаванне свабоды асобы.
Мы патрабуем ад прадстаўнікоў дзяржаўных органаў спыніць ціск на царкву "Новае Жыццё" і заклікаем усе адказныя структуры да захавання правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантаваных Канстытуцыяй, у адпаведнасці з якой "чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы", а "дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы".
Таксама мы заклікаем іншыя беларускія грамадскія, палітычныя, праваабарончыя і рэлігійныя арганізацыі і міжнародную супольнасць падтрымаць вернікаў у адстойванні сваіх правоў, гарантаваных і Канстытуцыяй, і шэрагам міжнародных дакументаў, падпісаных Рэспублікай Беларусь", — гаворыцца ў заяве Руху "За Свабоду".