Рух «За Свабоду» выйшаў з АДС

«За Свабоду» заявіў пра афіцыйнае спыненне свайго ўдзелу ў кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС).

«За Свабоду» заявіў пра афіцыйнае спыненне свайго ўдзелу ў кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС).
Паводле слоў намесніка старшыні руху Юрыя Губарэвіча, рада руху «За Свабоду» прыняла рашэнне пра выхад з АДС яшчэ ў пачатку лістапада 2009 года. Заява пра выхад была даслана Лябедзьку па факсе 25 студзеня. «Наша заява — гэта рэакцыя на заяву Лябедзькі пра тое, што рух «За Свабоду» афіцыйна не выйшаў з АДС, але не бярэ ў працы кааліцыі ніякага ўдзелу. Прычым мы выслалі ліст Лябедзьку як лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а не як сустаршыні АДС, бо мы, як і Партыя БНФ, лічым, што АДС на сёння дэ-факта спынілі сваё існаванне», — адзначыў Губарэвіч.
Анатоль Лябедзька заявіў, што лічыць такія заявы «несур’ёзнымі». «Ліст напісаў адзін намеснік, заўтра другі намеснік скажа адваротнае. Калі арганізацыя бярэ ўдзел у дзейнасці АДС ці афіцыйна выходзіць з гэтай дзейнасці — павінна быць адпаведнае рашэнне арганізацыі. Гэта значыць, павінен быць сход, павінна быць рашэнне, аформленае пратаколам. Нам падаецца выпіска з пратакола — і арганізацыя больш не з’яўляецца членам АДС. Гэта элементарныя рэчы. Аднак ніякага рашэння, пацверджанага дакументамі, мы не атрымлівалі, і сябар сойму Партыі БНФ Вінцук Вячорка бярэ ўдзел у працы палітсавета АДС», — адзначыў Лябедзька.
Паводле БелаПАН