Рускія ідуць

Расія вядзе «прадуктыўныя перамовы» па пытанні аб’яднання «Гомсельмаша» і «Ростсельмаша».
 



572da23b7719673fb87dc23fd8b4497a.jpg

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў паведаміў журналістам, што па пытанні магчымага аб’яднання «Гомсельмаша» і «Ростсельмаша» ўжо пачаліся перамовы.
«Мы лічым, што прыватызацыя прадпрыемства — гэта прыход інвестара. Мы ставімся станоўча. Вядома, гэта цяжка, але нам удалося пасадзіць за стол перамоваў кіраўніцтва і «Гомсельмаша», і «Ростсельмаша». Яны досыць плённа папрацавалі, наступная іх сустрэча, напэўна, будзе ў студзені. Па крайняй меры, з непрымірымых канкурэнтаў яны пачалі ператварацца ў партнёраў», — адзначыў расійскі дыпламат.
Разам з тым, паводле яго слоў, неабходных рэсурсаў на набыццё актываў аднаго з бакоў няма ні ў «Ростсельмаша», ні ў «Гомсельмаша». «Праўда, і незалежных ацэнак кошту абодвух прадпрыемстваў няма», — канстатаваў Аляксандр Сурыкаў.
Апроч таго, ужо ў першым квартале 2013 года беларускі МАЗ і расійскі КамАЗ аб’яднаюцца ў холдынг «Росбелавто», паведамляе БелаПАН.
 «Прадпрыемства будзе мець адзіную вытворчую і збытавую палітыку. Пад гэтым не маецца на ўвазе спыненне выпуску МАЗа або КамАЗа, будуць дзве маркі выпускацца, а адзіная дылерская сетка, павышэнне канкурэнтаздольнасці», — сказаў пасол Расіі ў Беларусі. Беларусь мае намер унесці ў холдынг «Росбелавто» 75% акцый МАЗа мінус адна акцыя.
Рынкавы кошт МАЗа ацэнены ў 1,1 мільярда долараў. Рынкавы кошт КамАЗа склаў 1,6 мільярда долараў.