Рыгор Кастусёў: Наша просьба пакуль застаецца без адказу
Прайшоў месяц з таго часу, як Рыгор Кастусёў звярнуўся ў Камісію па перайменаванні вуліцаў, але адказу так і няма. Намеснік старшыні Партыі БНФ накіраваў у адмысловую камісію пры Мінскім гарадскім выканкаме ліст з просьбай перайменаваць станцыю метро “Плошча Леніна” ў станцыю “Плошча Незалежнасці”.
Самае цікавае, кажа палітык, што ён ніяк не можа высветліць, хто ўвогуле ачольвае названую камісію.
— Да гэтай пары накіроўваў лісты ў гарвыканкам і старшыні камсіі, але замест старшыні камісіі ўвесь час падпісвае адказы намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Карпенка. Да гэтай пары цяжка разабрацца, хто ж усё ж такі ўзначальвае гэтую камісію. Павінна было прагучаць прозвішча — хто з’яўляецца старшынёй камсіі. Наш апошні ліст застаўся без адказу, — адзначыў Рыгор Кастусёў.
Адзначым, што рашэнне перайменаваць станцыю метро “Плошча Леніна” ў станцыю “Плошча Незалежнасці” адмысловая камісія пры Мінскім гарадскім выканкаме прыняла яшчэ ў 2010 годзе. Аднак пазней сама ж камісія гэтае рашэнне і адмяніла, спаслаўшыся на тое, што нібыта супраць былі шматлікія грамадзяне. Рыгор Кастусёў кажа, што будзе надалей намагацца, каб гэтае рашэнне выканалі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя