«Са сваякамі размаўляем праз тэлефон». Бацька і сын Кузнечыкі восьмы месяц жывуць у шведскай амбасадзе
Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі ўжо восьмы месяц знаходзяцца на тэрыторыі амбасады Швецыі ў Мінску. Пасля ўдзелу ў мірнай акцыі супраць Кузнечыкаў пачалі крымінальную справу паводле артыкула пра гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў, нагадвае «Свабода».
Яны прыехалі сюды 11 верасня мінулага года, каб папрасіць палітычнага прытулку. Калі ў дамафон супрацоўнікі амбасады ім адказалі, што дапамагчы не могуць, Кузнечыкі пералезлі праз плот і з таго часу ўжо не пакідалі тэрыторыю амбасады.
У кастрычніку Камітэт супраць катаванняў ААН папрасіў Швецыю не выдаваць уцекачоў беларускім уладам. Паводле адваката Вадзіма Драздова, на тэрыторыі амбасады Швецыі яны могуць знаходзіцца, «пакуль не знікне пагроза іх асабістай недатыкальнасці па-за амбасадай». Магчымасць з’ехаць з Мінска ў Швецыю, паводле адваката, «будзе залежаць ад урада Швецыі і добрай волі ўлад Беларусі».
«У нас усё без змен»
Віталю Кузнечыку 49 гадоў, свой дзень нараджэння ў лютым ён сустрэў ужо ў амбасадзе. Сыну Уладзіславу — 29 гадоў. Абодва займаліся сямейным бізнесам, мелі гандлёвыя пункты ў Віцебску.
Цяпер Кузнечыкі адмаўляюцца ад інтэрв’ю.
«У нас усё як і раней, без змен. Усё на ранейшым узроўні. У нас усё добра, у амбасадзе вельмі добрыя людзі», — кажа Віталь.
На пытанне, ці адчуваюць яны сябе ў бяспецы на тэрыторыі амбасады Швецыі, ён адказаў: «Адназначна, так».
Паводле Віталя, са сваякамі яны кантактуюць праз тэлефон.
Што здарылася з Кузнечыкамі?
Пасля ўдзелу ў мірнай акцыі
супраць Кузнечыкаў пачалі крымінальную справу паводле артыкула 364 («Гвалт альбо
пагроза ўжывання гвалту адносна супрацоўніка органаў унутраных спраў»).
Пераслед Віталя і Уладзіслава пачаўся 6 верасня, пасля таго, як яны ў Віцебску ўзялі ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Падчас акцыі Віталя збілі супрацоўнікі міліцыі. Уладзіслаў разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі заступіўся за бацьку і выратаваў яго ад міліцыянтаў.
У сваім відэа з тэрыторыі шведскай амбасады Кузнечык-малодшы расказаў, што амапаўцы дагналі яго бацьку, ударылі па нагах, учатырох пачалі біць дубінкамі і пырскалі «газам проста ў твар». Ён пайшоў ратаваць бацьку і «выцягнуў яго з абцугоў карнікаў, якія ні за што б’юць і затрымліваюць людзей». Разам з бацькам яму ўдалося ўцячы. Чатыры дні яны хаваліся, пакуль не трапілі на тэрыторыю амбасады Швецыі, якую лічаць гуманнай краінай, што можа ім дапамагчы. Спачатку ў амбасаду іх не пусцілі, тады Кузнечыкі пераскочылі праз плот і засталіся на тэрыторыі амбасады. Тым часам амапаўцы акружылі будынак. Кузнечыкі выказалі спадзеў, што іх не выдадуць, інакш іх «потым могуць проста не знайсці».
«Калі Кузнечыкі выйдуць з амбасады, то яны сутыкнуцца з рэальнай пагрозай катаванняў»
Паводле адваката Вадзіма Драздова, сітуацыя застаецца без змен.
«Мае кліенты дагэтуль знаходзяцца пад абаронай Камітэту супраць катаванняў. Гэта значыць, што ўлады Швецыі не могуць выдаліць іх з тэрыторыі амбасады, — сказаў адвакат. — Навіны з’явяцца пасля таго, як Камітэт разгледзіць пытанне прымальнасці іх скаргі. Калі гэта будзе зроблена, сказаць нельга, таму што ў Камітэту няма вызначанага тэрміну, за які ён павінен разглядаць скаргі. Але, хутчэй за ўсё, рашэнне будзе прынята цягам гэтага года з прычыны адчувальнасці справы Кузнечыкаў».
Згодна з раскладам працы Камітэту, з 26 красавіка па 21 траўня 2021 года праходзіць сесія, але рашэння адносна Кузнечыкаў яшчэ няма. Паводле адваката, разгляд пытання аб прымальнасці азначае, што Камітэт правярае, ці адпавядае скарга заяўнікаў фармальным крытэрам: наяўнасць юрысдыкцыі ў дзяржавы, на якую скардзяцца, наяўнасць у заяўнікаў статусу ахвяры, выкананне тэрмінаў падачы скаргі і г. д.
«Мы лічым, што скарга Кузнечыкаў адпавядае ўсім фармальным крытэрам прымальнасці. Калі Камітэт пагодзіцца з гэтым пунктам гледжання, то далей ён будзе разглядаць скаргу па сутнасці, г. зн. ацэньваць, ці будуць маім кліентам пагражаць катаванні, калі яны трапяць у рукі беларускіх улада. Мяркую, што ні ў каго зараз не выклікае сумневаў, што калі Кузнечыкі выйдуць з амбасады, то яны сутыкнуцца з рэальнай пагрозай катаванняў», — сказаў «Свабодзе» Вадзім Драздоў.