Сацыял-дэмакратам масава адмовілі ў правядзенні вулічных акцый

Актывісты рэгіянальных арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) у Віцебскай, Гомельскай і Брэсцкай вобласці атрымалі адмовы ў правядзенні масавых мерапрыемстваў пад сацыяльнымі лозунгамі.

3f9b4954_729e_4589_9ba5_f5608468d1ac.jpg


Сацыял-дэмакраты мелі намер правесці акцыі пратэсту пад лозунгамі: «Не падатку беспрацоўным!», «Пенсійны ўзрост 55/60 гадоў!», «Вярнуць службу ў войску, дэкрэтны адпачынак і вучобу ў ВНУ ў страхавы працоўны стаж!»
«Улады ў чарговы раз паказалі, што не гатовыя глядзець праўдзе ў вочы. Ўсе забароны матываваліся адсутнасцю заключаных дагавораў на ахове грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання і ўборкі тэрыторыі. Такія дагаворы прадугледжваюць дакладны час і месца мерапрыемства. Але, як можна заключаць дагаворы да атрымання дазволу, калі выканкамы маюць права змяняць месца і час мерапрыемства?» — пракаментавала адмову рашэнне ўладаў намеснік старшыні БСДП Ганна Канюс.
«Сёння беларусы не могуць скарыстацца сваім канстытуцыйным правам на выказванне пратэсту, правам на масавыя мерапрыемствы. Можна толькі маўчаць і хваліць. Усе нашы партыйныя структуры і актывісты, якія падавалі заяўкі на пікеты ў Брэсце, Белаазёрску, Мікашэвічах, Наваполацку, Мазыры, Рэчыцы і Гомелі, маюць намер адстойваць правы жыхароў рэгіёнаў», — каментуе ініцыятар падачы заявак у Гомельскай вобласці, сябра Прэзідыума БСДП Алег Шабетнік.
Нагадаем, раней Брэсцкі гарвыканкам адмовіў абласной арганізацыі БСДП ў правядзенні дэманстрацыі ў г. Брэсце. У гэтым годзе сацыял-дэмакраты прынялі рашэнне перанесці мерапрыемствы, прысвечаныя Дню міжнароднай салідарнасці працоўных з 1 на 7 траўня з-за праваслаўнага Вялікадня. Заяўкі на дэманстрацыю і пікеты структурамі і актывістамі БСДП былі пададзеныя ў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Мінска абласцях.
Паводле інфармацыі з прэс-рэліза