Салігорск. Браслаў. Шаркаўшчына. Мілашэвічы. Талачын. Ліда. Віцебск.

Салігорск. Вінаватыя нясуць адказнасць

Салігорск. Вінаватыя нясуць адказнасць
Як паведаміў грамадскасці праваабаронца Валерый Шчукін, некаторыя вінаватыя ў заўчаснай смерці яго калегі Яны Паляковай ужо трымаюць пакаранне. У сакавіку мінулага года Яну абвінавацілі ў паклёпе і асудзілі за скаргу ў пракуратуру на супрацьпраўныя дзеянні ўчастковага капітана Пугачова. Гэта і прывяло дзяўчыну да самагубства. Капітан Пугачоў звольнены з органаў МУС. Пракурора, па патрабаванню якога ў адносінах да Яны Паляковай была распачата несправядлівая крымінальная справа, змясцілі ў следчы ізалятар. І, мяркуючы па часе, праведзеным ім пад вартай, апраўдальнага выраку не будзе.
Браслаў. Смецяць, смецяць, смецяць
Як паведаміла раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у мінулым годзе за ўтварэнне несанкцыянаваных звалак бытавога смецця было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 42 чалавекі. Як лічаць супрацоўнікі гэтай установы, віной усяму — нізкая культура паводзін насельніцтва. Такія звалкі ўтвараюцца стыхійна, і спыніць іх з’яўленне вельмі цяжка. Прыкра яшчэ тое, што яны звычайна знаходзяцца навідавоку. Так, нядаўна была ліквідавана звалка непадалёку ад былога аэрадрома, акурат ля шашы, якая вядзе да гары Маяк і асноўнай групы азёраў, што з’яўляюцца гонарам краю. Прыродаахоўная арганізацыя плануе і надалей праводзіць адносна асобаў, што засмечваюць наваколле, карныя мерапрыемствы.
Шаркаўшчына. Што будзе з раёнам?
Гэты раён ужо рэарганізоўвалі двойчы. Мясцовы праваабаронца Сафія Табола лічыць, што калі такое адбудзецца ў трэці раз, то раён як адміністрацыйная адзінка будзе ліквідаваны ўвогуле. Па гэтым пытанні яна не адзін год вядзе перапіску з чыноўнікамі розных рангаў, аднак канкрэтнага адказу не атрымала. Тым не менш падобныя чуткі існуюць і працягваюць хваляваць местачкоўцаў, бо ў такім выпадку гарадскі пасёлак ператворыцца ў глухое, забытае ўсімі паселішча.
Мілашэвічы. Лямпачкі да лямпачкі
Жыхары вёскі Мілашэвічы Лельчыцкага раёна звярнуліся ў райвыканкам са скаргай на адсутнасць асвятлення па вуліцы Савецкай. Неўзабаве атрымалі адказ, што «будзе выканана ўстаноўка прыбораў вулічнага асвятлення пры выдзяленні грашовых сродкаў з Гомельскага абласнога бюджэту ў 2010 годзе». Такі адказ здзівіў вяскоўцаў, бо прыборы вулічнага асвятлення ёсць і неабходна замяніць толькі перагарэўшыя лямпачкі. Каб не блукаць у цемры, адзін жыхар набыў лямпачку, а электрыкі ўстанавілі яе. Чыноўнікі адрэагавалі на падобнае самаўпраўства неадкладна. Для навядзення парадку ў вёску прыехала сама старшыня сельсавета Галіна Гаўрылавец. У вёсцы зноў паўстала цемра.
Талачын. Грамадскасць судзіць мірны атам
Талачын, Орша, Віцебск, Барысаў, Мінск. Такі маршрут спланаванага грамадзянскай кампаніяй «Наш дом» грамадскага суда над ядзернай энергетыкай. Галоўныя фігуранты «працэсу» — у мінулым старэйшыя афіцэры савецкага войска. Праваабаронца Валерый Шчукін будзе падтрымліваць дзяржаўнае абвінавачванне, а яго апанентам выступіць Мікалай Петрушэнка. Іх дуэль па абутку вайскоўцаў будзе нагадваць жарт тых жа савецкіх часоў: супрацьстаянне «чаравіка» і «бота».
Мэта акцыі — звярнуць увагу грамадскасці на звязаныя з пабудовай АЭС на Беларусі праблемы.
Ліда. «Дажынкі» паскорылі
Чарговае рэспубліканскае свята «Дажынкі–2010» пройдзе ў Лідзе і раёне восенню. Аднак ужо створаны штаб і штодня праводзяцца пасяджэнні. Складзены план пабудовы новых і рэканструкцыі гістарычных аб’ектаў. У план занесена адкрыццё музея паэта Валянціна Таўлая.
Рэканструкцыя будынка, дзе з восені 1939 па лета 1940 года жыў творца, вядзецца ўжо пэўны час. У тыя гады дом быў драўляны, потым абкладзены цэглай. Зараз фасад будынка, каб мець прыстойны выгляд, атынкованы, а ўнутраныя сцены абшыты гіпсакардонам. Аднак інтэр’ер застаўся тым жа. Пакуль не зроблена металічная вінтавая лесвіца на другі паверх, якая паўстане замест былой, драўлянай.
Віцебск. Смаката ды і толькі
Мясцовыя грамадскія актывісты працягваюць асваенне «Кухняў свету», чым радуюць сябе і гледачоў. Дэгустацыя арыгінальных блюдаў прайшла тут некалькі дзён таму. Стравы былі самыя разнастайныя. Прыкладам, Аляксандр Карнышоў прэзентаваў «Рулецікі па-нямецку», Марына Якаўлева прадставіла «Рулецікі па-польску», Раман Зянько згатаваў пюрэ з бульбы па-французску, Святлана Зянько — страву ўзбекскай кухні «Гюльчэхра», а Наталля Чумакова — эстонскі рулет «Райская асалода». Якасць страў ацэньвала журы і прыйшло аднагалосна да высновы: усё было неверагодна смачна і вельмі прыгожа.