Салаўі прыляцелі! Дзе іх паслухаць?
Салаўя складана пабачыць, але лёгка пачуць. Асабліва калі ведаць салаўіныя месцы. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) запрашае скласці разам «Салаўіную карту» Беларусі.

Кожны можа пазначыць на гэтай інтэрактыўнай анлайн-карце месца, дзе пачуў салаўя: ptushki.org. А той, хто не ведае, дзе паслухаць яго чароўны спеў, можа падгледзець на карце месцы побач, дзе салаўі даюць свае «канцэрты».
Летась за ўсю гісторыю такіх кропак на «Салаўінай карце» было 538 – рэкордная колькасць за ўсю гісторыю акцыі. Самым «салаўіным» горадам стаў Брэст. Сёлета салаўя там ужо не толькі пачуў, але і сфатаграфаваў птушкар Віталь Некрашэвіч. У Брэсце салаўёў можна пачуць у зялёных зонах каля Брэсцкай крэпасці і паміж вуліцамі Вінніка і Гвардзейскай. У Мінску, які па колькасці «салаўіных кропак» ідзе адразу за Брэстам, салаўёў можна пачуць на Востраве птушак, Цнянскім вадасховішчы, у Севастопальскім і Лошыцкім парку, лесапарку Дразды, парках Чалюскінцаў, Горкага ды іншых.
Па выніках сваёй штогадовай акцыі «Салаўіная карта» АПБ звяртаецца да абласных адміністрацый з рэкамендацыямі для гарадскіх службаў па захаванні месцаў гнездавання пярнатых салістаў № 1.
Салаўям патрэбныя кусты ды бур’яны з апалым лісцем – у такім зацішку яны робяць на зямлі свае гнёзды, а ў апалым леташнім лісці шукаюць корм: насякомых і іх лічынак, павукоў, дробных малюскаў і дажджавых чарвякоў, у канцы лета — ягады і насенне.
Калі вы не знайшлі птушку там, дзе яна спявала летась — паглядзіце навокал, магчыма, там прыбрана лісце, скошаны бур’ян, зніклі кусты. У такім выпадку напішыце ў мясцовую адміністрацыю электронны зварот з рэкамендацыяй абмежаваць прыборку лісця ў месцах гнездавання салаўёў.
Як адзначыць месца на карце?
Адзначыць салаўя можна ў любым куточку Беларусі. Спачатку трэба знайсці свой горад ці мястэчка, для чаго карту можна рухаць і памяншаць яе маштаб, а пасля перанесці чырвоны маркер у кропку, дзе вы чулі салаўя. Такім чынам вы можаце не толькі самастойна ўносіць свае дадзеныя, але і бачыць на карце месца, дзе салаўі ўжо адзначаны іншымі.
Калі можна пачуць салаўя?
Гэтыя птушкі спяваюць увесь травень і амаль палову чэрвеня, пакуль не вылупяцца першыя птушаняты. Таму спяшайцеся паслухаць гэтых звонкіх птушачак і адзначыць на карце Беларусі «сваіх» салаўёў! Пазнаць меладычны спеў гэтых птушак лёгка, зблытаць з іншымі амаль немагчыма.
У траўні салаўі могуць спяваць нават днём, але больш ахвотна яны пяюць увечары і ў прыцемках, а таксама зранку, пакуль яшчэ не спякотна.
Цікавыя факты пра салаўя
Салавей важыць усяго каля 25 г. Самцы і самкі салаўя не адрозніваюцца вонкава.Салаўі зімуюць у Афрыцы і пераадольваюць падчас міграцыі больш за 7000 км.
Гняздо робяць на зямлі сярод зарасцяў кустоў ці быльніку, адкладваюць 6 яек шакаладнага колеру.Птушаняты з’яўляюцца на свет праз два тыдні, іх выкормліваюць самец і самка.
Гучнасць спеву салаўя — 50 дб, песня складаецца з 6-12 каленаў, якія паўтараюцца.
У Беларусі жыве таксама «сваячка» салаўя — кралька, уключаная ў нацыянальную Чырвоную кнігу.Салавей быў птушкай года ў Беларусі ў 2007 годзе, калі выйшлі манеты і марка, прысвечаныя яму.
Салавей — афіцыйны прыродны сімвал Слуцкага раёна. А з 2015 года ў Слуцку дзейнічае музей салаўя.
Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па акцыях і кампаніях: «Сезон песень салаўёў — рамантычны час позняй вясной, калі доўгімі, амаль па-летняму цёплымі вечарамі можна слухаць неверагодна разнастайную песню гэтых птушак. Мы заўсёды ладзім экскурсіі ў гарадскіх парках, дзе арнітолагі паказваюць і расказваюць усё пра салаўёў. Гэты год не выключэнне, і 16-17 траўня адбудуцца анлайнсустрэчы. Усе падрабязнасці можна будзе знайсці на нашым сайце да мерапрыемства. Аднак мы запрашаем усіх далучыцца да самастойнага пошуку салаўёў і адзначаць месцы сустрэч на карце! Так вы зможаце дапамагчы не толькі птушкам, але і людзям, якія змогуць скарыстацца вашай «знаходкай» і таксама паслухаць салаўёў самастойна. Беражыце сябе і больш слухайце спевы птушак.»