Салігорск: Рок-салідарнасць са Зміцерам Вайцюшкевічам
25 сакавіка ў межах кампаніі "Рок-Салідарнасць", якая займаецца падтрымкай забароненых у Беларусі музыкаў, у сталіцы шахцёраў адбылася творчая сустрэча з вядомым спевком ды музыкам Зміцерам Вайцюшкевічам.

Зміцер Вайцюшкевіч
У знакаміты "чорны спіс" спявак патрапіў пасля выбараў 2010 года, на якіх ён актыўна падтрымліваў свайго сябра, кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.
Паўпадпольны канцэрт праходзіў у прыватнай сядзібе пад Салігорскам. Варта адзначыць, што гэта ўжо не першы андэрграўндны выступ забароненых музыкаў у сталіцы гарнякоў. У мінулым годзе з аналагічнымі імпрэзамі тут пабывалі NRMмаўцы Піт Паўлаў і Алег Дземідовіч, а таксама зорка айчыннага року Лявон Вольскі.
Часам на такія сустрэчы з праверкай дакументаў наведваюцца прадстаўнікі праваахоўных органаў, але, па словах арганізатараў, творчая сустрэча са Зміцерам Вайцюшкевічам прайшла без гэткіх непрыемных эксцэсаў.