Салігорскія вернікі дамагліся, каб улады адмовіліся ад высылкі іх ксяндза

23 студзеня каталіцкі касцёл у Беларусі атрымаў дакумент за подпісам Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, у якім паведамлялася, што пробашчу салігорскага касцёла ў гонар святога Францішка Сабеславу Тамалу працягнулі дазвол на працу на 6 месяцаў, паведамляе Радыё Свабода.

kasciol_8.jpg

Пра гэта сказаў прэсавы сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько.
«Мы вельмі рады, што беларускія ўлады працягнулі дазвол на рэлігійную дзейнасць грамадзяніну Польшчы Сабеславу Тамалу, што вялікі рэгіён, куды ўваходзяць Салігорск, Любань, не застанецца без ксяндза, які праслужыў у Беларусі больш за 20 гадоў. Ён яшчэ не паспеў пакінуць Беларусь».
Ксёндз Сабеслаў Тамала расказаў Свабодзе, што прыехаў у Беларусь у 1993 годзе, пачынаў служыць у Амсціславе, а з 1994 году служыць у Салігорску, удзельнічаў у будаўніцтве храма ў гонар святога Францішка. Сёння ён знаходзіцца ў Менску, сустракаецца з біскупам, пасля чаго гатовы вярнуцца на службу ў сваю парафію.
Пасля рашэння аб высылцы пробашча парафіяне пачалі збор подпісаў пад зваротам да ўладаў з патрабаваннем скасаваць такое рашэнне, казала Свабодзе старшыня парафіяльнай рады Валянціна.
Подпісы збіраюць як сярод прыхаджанаў, так і ва ўстановах Салігорску і раёну. Касцёл святога Францішка — адзіны рымска-каталіцкі прыход у Салігорску.
Таксама да Гулякі звярнуліся прадстаўнікі Каталіцкай царквы, паведамляў Свабодзе Дзмітры Пухальскі.
Тыдзень таму Ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў без тлумачэння прычын не працягнуў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі грамадзяніну Польшчы ксяндзу Паўлу Кнурэку, які праслужыў на Віцебшчыне амаль 18 гадоў (16 гадоў у мястэчку Лынтупы і амаль 2 гады ў віцебскай катэдры), ён быў пробашчам парафіі Ісуса Міласэрнага. Вернікі, каб вярнуць ксяндза, за адзін дзень 19 студзеня сабралі амаль 300 подпісаў, у электроннай петыцыі іх на сёння больш за 450.
Цягам 2018 году тры замежныя святары (два праваслаўныя і адзін каталіцкі), якія раней не служылі ў Беларусі, не атрымалі дазволаў служыць. Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ў чэрвені 2018 году тлумачыў забароны на служэнні замежным святарам «адміністрацыйнымі парушэннямі» і скаргамі прыхаджан.
У 2016 годзе загад пакінуць Беларусь атрымалі тры святары — грамадзяне Польшчы, але пазней беларускія ўлады памянялі рашэнне і яны засталіся служыць у краіне.