Самая вялікая пошукавая аперацыя. У Белавежскай пушчы хлопчыка шукаюць тысячы людзей

TUT.BY

У пошуках зніклага 10-гадовага Максіма Мархалюка сёння задзейнічаны ратавальнікі, вайскоўцы, міліцыя, памежнікі, леснікі, мясцовыя жыхары і добраахвотнікі, якія едуць у вёску Новы Двор Свіслацкага раёна з усёй Беларусі. На суботу, калі пошукі не дадуць выніку, прызначаны збор усіх пошукава-выратавальных атрадаў краіны.

Фота: vk.com/angel_search

Фота: vk.com/angel_search

— Гэта самая вялікая пошукавая аперацыя ў нашай практыцы, — кажа камандзір пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» Сяргей Коўган, — людзі едуць з усёй Беларусі. Праблема ў тым, што добраахвотнікаў шмат, а людзей, якія могуць правільна арганізаваць іх, недастаткова. І калі некалькі дзён таму людзі прыязджалі хаатычна, то цяпер мы просім прыбываць да пэўнага часу. Збор пошукавых груп адбываецца каля будынка сельсавета ў 9.00, 12.00, 15.00, 18.00. Што тычыцца начных пошукаў, то непадрыхтаваным людзям лепш у іх не ўдзельнічаць. Цяпер, акрамя пошуку хлопчыка, наша галоўная задача — забяспечыць бяспеку добраахвотнікаў, якія выходзяць у лес.


Фота: vk.com/angel_search

Фота: vk.com/angel_search

Нагадаем, хлопчык знік у Белавежскай пушчы ўвечары ў мінулую суботу. Яго шукаюць ужо сёмыя суткі. За гэты час у пошуках прынялі ўдзел тысячы людзей.
— На дадзены момант (10 раніцы 22 верасня. — Заўвага. TUT.BY) у пошуках задзейнічана 865 чалавек. Сярод іх — 228 супрацоўнікаў МНС, рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння МНС, супрацоўнікі міліцыі і вайскоўцы. На месца выехалі нашы псіхолагі, задзейнічана авіяцыя, працуюць добраахвотнікі. На працягу дня людзей, якія ўдзельнічаюць у пошуку хлопчыка, хутчэй за ўсё, стане больш, — распавяла TUT.BY афіцыйны прадстаўнік МНС па Гродзенскай вобласці Наталля Жывалеўская.


poiski_maksima_belovezhskaya_pushchav.jpg

Таксама да пошукаў, па просьбе ратавальнікаў, падключылі беспілотнікі НАН Беларусі.
У групах у сацыяльных сетках пошукава-выратавальных атрадаў створаны спецыяльныя інтэрнэт-дакументы, дзе каардынуюцца дзеянні тых, хто адпраўляецца на пошукі. Тут можна прапанаваць свае паслугі ў якасці кіроўцы, знайсці вольнае месца ў машыне і перадаць прадукты для пошукавікаў. 
— Агульны збор атрадаў прызначаны на выходныя не выпадкова. Так мы можам прыцягнуць да пошукаў большую колькасць людзей, якія маюць прафесійныя пошукавыя навыкі. Варта памятаць, што валанцёры займаюцца пошукамі добраахвотна ў свой вольны час, — кажа Сяргей Коўган.

Дапамагчы пошукава-выратавальнаму атраду «Анёл» можна фінансава — выдаткаў вельмі шмат. Зрабіць гэта можна пераводам з банкаўскай карткі, таксама зрабіць USSD-запыт для абанентаў МТС * 222 * 13 #. Можна папоўніць баланс мабільных тэлефонаў: +375 33 666-68-56, +375 33 666-60-33, а таксама зрабіць электронны плацёж.Гісторыя зніклага Максіма многіх не пакінула абыякавымі. Нават некаторыя прадпрыемствы вобласці адпраўляюць сваіх супрацоўнікаў на пошукі хлопчыка.

 

propavshiy_malchik_novyy_dvor.jpg

Пашукавікі і ратавальнікі просяць добраахвотнікаў, якія едуць у лес, браць з сабой гумовыя боты, непрамакальныя і цёплае адзенне, пажадана яркіх расфарбовак.

TUT.BY