Санстанцыя: у Віцебскім ІЧУ сядзельцы знаходзяцца ў добрых умовах

Правёўшы пяць сутак у Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) за раздачу ўлётак з запрашэннем на акцыю 25 сакавіка, абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў вымушаны быў звярнуцца да лекараў. Паводле палітыка, у ІЧУ ён быў дастаўлены здаровым, а як выйшаў адтуль, лекары паставілі яму дыягназ «інфэкцыйная ангіна».



u1_2.jpg

На думку Леаніда Аўтухова, інфэкцыю ён, найхутчэй, падчапіў у ІЧУ, таму папрасіў санстанцыю праверыць на адпаведнасць санітарным нормам умовы ўтрымання грамадзян у ізалятары.

«Мяркую, што я заразіўся інфэкцыйным захворваннем, знаходзячыся пад вартай у ІЧУ, з-за халатнасці яго работнікаў і неналежнай арганізацыі кіраўніцтвам установы падтрымання санітарна-эпідэміялагічных нормаў у Віцебскім ІЧУ. Улічваючы, што ў ІЧУ штодня змяшчаецца значная колькасць грамадзян, гэтая ўстанова можа стаць крыніцай масавага заражэння людзей», — гэтак патлумачыў Леанід Аўтухоў прычыну свайго звароту ў абласны цэнтар гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Надоечы палітык атрымаў адказ на свой зварот. Намеснік галоўурача Віцебскага абласнога цэнтру гігіены Аляксей Адзееў паведаміў, што быў праведзены агляд санітарна-гігіенічнага стану ІЧУ. Якіх-кольвек парушэнняў ня выяўлена: камеры абсталяваныя ўсім неабходным, тэмпэратура ў іх на момант абследавання складала +20–22оС.

«Усе асобы, дастаўленыя ў ізалятар, перад разьмяшчэннем іх па камерах, апытваюцца мэдычным працаўніком або дзяжурным пра стан здароўя і аглядаюцца на каросту, педыкулёз, інфэкцыйныя захворванні… Скаргаў на стан здароўя вашы сукамернікі не прад’яўлялі, хуткая дапамога да іх не выклікалася… Згодна з дадзенымі журналаў “Першаснага агляду і рэгістрацыі аказаньня мэдычнай дапамогі асобам, дастаўленым у ІЧУ”, “Уліку выклікаў хуткай мэдычнай дапамогі”, “Уліку інфэкцыйных захворванняў” за мінулы пэрыяд 2013 году выпадкаў інфэкцыйных захворванняў не зарэгістравана», — паведаміў намеснік галоўурача Аўтухову.

Такім чынам, выходзіць, што віцебскі кіраўнік партыі БНФ, патрапіўшы ў ІЧУ, апынуўся ледзь не ў санаторыі. Аднак застаецца пытанне: калі ўсё гэтак добра, дык што ж тады стала прычынай інфэкцыйнай хваробы пасля пяці дзён, праведзеных у ізалятары?

"Віцебская Вясна".