Саша Філіпенка: Наглядчыкі жывуць з намі на адных вуліцах…
«Нелюдзі, якія здзекуюцца і катуюць, тлумачаць людзям, якія выступаюць за свабоду, што ў гэтай краіне ўсё добра і правільна...» — разважае пісьменнік Саша Філіпенка ў допісе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Выйшаў таварыш. 15 сутак.
Пакуль у камеры ёсць злодзеі — ёсць падушкі, бялізна і гарачая вада. Калі злодзеяў пераводзяць, а ў камеру на чатыры месцы набіваюць чатырнаццаць "палітычных" — усю бялізну забіраюць, а ваду адключаюць. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што адключэнне гарачай вады — планавае! Цэнтр Еўропы, 2021 год.
Спаць немагчыма — паветра няма, святло не выключаюць усю ноч. Пераклічка ў дзве і ў чатыры гадзіны ночы, пад'ём у шэсць раніцы. Людзей так шмат, што большасць спіць на падлозе. Маска для сну — незаменны аксесуар.
За два тыдні ні разу не выводзяць ні ў душ, ні на прагулку.
У "палітычных" забіраюць усё: часопісы, паперу, алоўкі. Час ад часу, каб паздзекавацца, у камеру запускаюць штатных бамжоў. Наглядчыкаў гэта весяліць.
Наглядчыкі жывуць з намі на адных вуліцах, пасля змены яны вяртаюцца дадому. Адзін сукамернік сядзіць за бел-чырвона-белыя шкарпэткі, іншы — за налепку на ноўтбуку.
Пры любой магчымасці праводзяць палітычную апрацоўку — нелюдзі, якія здзекуюцца і катуюць, тлумачаць людзям, якія выступаюць за свабоду, што ў гэтай краіне ўсё добра і правільна...»