«Саветы» расстралялі, а нацысты забіралі чарапы на сувеніры
31 год таму ў вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёна быў усталяваны першы мемарыяльны крыж у памяць пра расстраляных 26-га чэрвеня 1941-га году вязняў глыбоцкай турмы.
Згодна з архіўнымі дакументамі, у пачатку вайны было прынятае рашэнне эвакуяваць усіх вязняў з заходніх рэгіёнаў углыб СССР. У калоне, якая выйшла з Глыбокага 24 чэрвеня 1941 году, большасць складалі нават не асуджаныя, а толькі тыя, хто знаходзіўся пад следствам: жыхары Глыбоччыны, Мёршчыны, Браслаўшчыны, Пастаўшчыны, палонныя жаўнеры Войска Польскага, святары, моладзь, якая ўдзельнічала ў розных арганізацыях — палітычных, грамадскіх, рэлігійных.
Двое сутак людзей гналі па спёцы без ежы і пітва. Каля Вулы калона трапіла пад фашысцкі авіяналёт, а потым была расстраляная турэмным канвоем. Гісторыкі савецкага часу прымоўчвалі гэтую падзею, але людзі памяталі пра трагедыю. У 1990-м годзе ўдзельнікі віцебскага клубу гісторыі і даўніны «Узгор’е» выправіліся ў Мікалаева і запісалі аповеды вяскоўцаў.
У тым ліку Ірына Аляксандрава, якая занатавала ўспаміны Антона Васёхі:
— Ішоў строй, людзей гналі ў напрамку Віцебска. Наляцелі два нямецкія самалёты, сталі бамбіць. Канвой даў каманду «Лажысь!» Усе ляглі. Канвой стаў расстрэльваць людзей. Калі пастралялі, мясцовых мужыкоў прымусілі капаць магілы і звозіць людзей.
Ад вяскоўцаў давялося пачуць і працяг гэтай страшнай гісторыі: у 1943-м годзе нямецкія акупацыйныя ўлады змусілі мясцовых жыхароў раскапаць магілы і даставаць чалавечыя парэшткі. Чарапы ахвяр нацысты забіралі сабе на сувеніры, абезгалоўленыя целы загадалі закапаць зноў…
У чэрвені 1990 года ўдзельнікі клуба «Узгор’е» ўсталявалі на месцы пахаванняў драўляны крыж. Яшчэ праз некалькі гадоў дзякуючы падтрымцы польскіх грамадскіх і рэлігійных арганізацый тут быў узведзены сапраўдны мемарыял — сімвалічная камера з чорнымі кратамі, брукаванка і доўгая бетонная пліта ўздоўж яе, якая сімвалізуе апошні шлях бязвінна расстраляных.
Архіўныя фота прадастаўлены Ірынай Аляксандравай
racyja.com