Севярынцу прысудзілі яшчэ двойчы 15 сутак пасля 5 гадзін на волі

Сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі асудзілі 10 студзеня за пратэстныя акцыі супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расіі, паведамляе «Свабода».

df5cc15b_b854_4811_b0b8_e25f97f02b14_cx0_cy13_cw0_w1023_r1_s.jpg


Паўла Севярынца 10 студзеня двойчы асудзілі на 15 сутак арышту за акцыі пратэсту супраць паглыблення інтэграцыіз і Расіяй.

Гэта адбылося праз 5 гадзінаў пасля таго, як ён выйшаў на волю пасля мінулых 15 сутак арышту.

Павел Севярынец паспеў трапіць дамоў пасля арышту. На суд ён не пайшоў. Ён расказваў, што ў ізалятары яго паднялі яшчэ ўначы і загадалі збіраць рэчы. Ён думаў, што так рыхтуюць да наступнага суду і новых «сутак». Але высветлілася, што ў тэрмін зняволення залічылі пяць гадзінаў затрымання 18 снежня, калі «здымалі на камеру папярэджанні пра дзяцей і ялінку».



На суды 10 студзеня Павал Севярынец у суд не з’явіўся. На працэсе прысутнічала ягоная маці Тацяна Севярынец. Дзве справы паводле ч. 3 арт. 23.34 за ўдзел у мітынгах 20 і 21 снежня разглядала суддзя Вера Галакова.

У суд з’явіўся толькі адзін сведка, міліцыянт Віталь Івашкоў. Другі міліцыянт не прыйшоў «праз занятасць на службе».

Паводле сведкі, Севярынец яму «вядомы як апазіцыйны лідар». Івашкоў расказаў, што падсудны ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі супраць інтэграцыі, выкрыкваў «Жыве Беларусь» і «Ганьба», «заклікаў грамадзянаў». На плошчы было каля 200 чалавек. Міліцыянт таксама спаслаўся на трансляцыю «Белсату».

Суддзя адзначыла, што Севярынец зрабіў правапарушэнні паўторна цягам года, і ў справе ёсць дакумент, згодна з якім дазвол на мерапрыемства не даваўся.

Маці Севярынца спытала суддзю: «А ці трэба браць дазвол, каб бараніць краіну?»

10 снежня Паўла Севярынца судзілі паводле адміністрацыйных справаў за ўдзел у мітынгах супраць інтэграцыі з Расіяй. Акрамя арышту Севярынцу, раней прысудзілі штрафы ў 1275 і 1350 рублёў (на другі суд яго не даставілі з арышту). Ён сустрэў за кратамі і дзень народзінаў (30 снежня палітыку споўнілася 43 гады), і Новы год, і Раство.

Цягам 10 студзеня маюць прайсці яшчэ два дзясяткі судоў над удзельнікамі снежаньскіх пратэстаў супраць інтэграцыі з Расіяй, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 снежня 2019 года.

Суды пачаліся яшчэ ў канцы 2019 году — штрафаў прысудзілі на не менш як 16 тысяч рублёў, 11 актывістаў сустрэлі Новы год за кратамі. Працэсы аднавіліся 8 студзеня, за дзень прысудзілі штрафаў не менш як на 6 885 рублёў, 9 студзеня — на больш як 33 тысячы рублёў.

Севярынец — не апошні з арыштаваных за пратэсты снежня-2019, хто выйдзе на волю: яшчэ чакаецца вызваленне Стаса Шашка і Алеся Чахольскага (10 студзеня), Максіма Урбановіча і Сяргея Ціханоўскага (11 студзеня). Акрамя таго, 9 студзеня меў выйсці на волю пасля 15 сутак арышту блогер Дзмітрый Казлоў (вядомы як «Шэры Кот»), але яго не выпусцілі — прысудзілі яшчэ 15 сутак.

www.svaboda.org